Вы тут

Сабраць адно дзіця ў школу — да тысячы рублёў


Такія падлікі зрабілі спецыялісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), якія праманіторылі кошт школьных тавараў у гандлёвых цэнтрах, універмагах, кірмашах краіны. Пры гэтым эксперты сведчаць, што па асобных групах тавараў кошт зменшыўся. У параўнанні з мінулым годам сёлета крыху патаннеў шэраг пазіцый канцылярскіх прылад, а таксама некаторыя віды адзення і абутку. А цэнавыя надбаўкі на многія віды адзення і абутку абмежаваны «столлю» ад 35 % да 55 %.


Адзець і абуць пачаткоўцаў...

Пры гэтым цана на адзін і той жа тавар у розных рэгіёнах можа моцна адрознівацца, падзяліліся ў прэс-службе ФПБ:

— Як і летась, менш за ўсіх на абутак і адзенне патрацяць сем'і хлопчыкаў пачатковай школы на Гродзеншчыне — 527,06 рубля. У 2022-м сярэдні чэк для гэтай катэгорыі вучняў быў яшчэ больш дэмакратычным — 479,87 рубля. Самыя дарагія пачаткоўцы-хлопчыкі, як і летась, на Міншчыне — сёлета іх адзенне-абутак абыдзецца ў 682,01 рубля.

Для дзяўчынкі малодшага школьнага ўзросту адзежа-абутак танней за ўсё ў Віцебскай вобласці — 457,23 рубля. Летась, дарэчы, самым бюджэтным для гэтай катэгорыі вучняў быў Гродзенскі рэгіён. Даражэй за ўсё абуць і апрануць дзяўчынак-пачатковак у Магілёўскай вобласці — 701,22 рубля.

...і старшакласнікаў

Больш за ўсіх сярэдні чэк на абутак і адзенне для старшакласніка-хлопчыка падрос у Мінскай вобласці — да 761,76 рубля. Летась сталічны рэгіён таксама быў самым дарагім. Найбольш танна абыдуцца хлопцы старэйшай школы бацькам з Гродзеншчыны — 660,69 рубля. Летась гэты рэгіён таксама быў самым дэмакратычным, аднак каштаваў пры гэтым больш — 680,63 рубля.

Найбольш сціплы цэннік на адзежу і абутак для старшакласніц у Гродзенскай вобласці — 694,03 рубля, прычым найніжэйшая планка для гэтай катэгорыі трымаецца ўжо трэці год запар. А вось Магілёўская вобласць другі год трымае званне самай дарагой для дзяўчат старшых класаў — 797,9 рубля.

«Канцылярка»

Затое ў Магілёўскай вобласці найтаннейшыя канцылярскія тавары для малодшых школьнікаў — 155,09 рубля, самая дарагая «канцылярка» на Брэстчыне — 188,58 рубля. Летась самымі невялікімі лічбамі ў гэтым сегменце вызначалася Гомельшчына (174,86 рубля), а самымі дарагімі — Віцебшчына (207,81 рубля).

Найбольш танны канцылярскі камплект для старшакласнікаў сёлета таксама на Магілёўшчыне — 123,58 рубля, а самы дарагі — на Віцебшчыне — 212,84 рубля. Летась пальму «канцылярскага першынства» трымаў Мінск — 230,26 рубля, а самыя танныя прылады былі на Гомельшчыне — 161,11 рубля.

— Калі абагуліць падлікі, то відаць, што танней за ўсё закупіцца да 1 верасня (абуткам, адзеннем і «канцыляркай») могуць бацькі хлопчыкаў малодшай школы ў Гродзенскай вобласці — 710,56 рубля, і маленькіх вучаніц Віцебшчыны — 637,21 рубля. Найдаражэйшыя за іншых будуць зборы ў школу пачаткоўцаў Мінскай вобласці (859,99 рубля) і пачатковак Магілёўскай вобласці (856,31 рубля), — падсумавалі ў ФПБ.

Больш за іншых схуднеюць кішэні ў бацькоў, якія рыхтуюць у школу старшакласнікаў. Найбольш танную перавагу ў гэтым пытанні маюць бацькі хлопцаў старэйшых класаў у Магілёўскай вобласці (816,58 рубля) і бацькі дзяўчат — Гродзенскай (860,71 рубля). Самымі дарагімі сёлета прызнаныя старшакласнікі Міншчыны (834,81 рубля) і старшакласніцы Віцебшчыны (959,37 рубля).

У ФПБ нагадалі, што летась многія пастаўшчыкі і шэраг гандлёвых арганізацый пачалі граць на курсавай розніцы і тлумачылі завышаныя цэны магчымымі рызыкамі. Пастанова Урада № 713 спыніла гэтыя працэсы і ўвяла абмежаванні гадлёвых надбавак на тавары, у тым ліку імпартныя. Рэальная надбаўка ў крамах зараз не перавышае 29 %.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.