Вы тут

Мае Каласавіны. Экспрэсія ў дзень нараджэння Паэта


Не ведаю, чаму, але гэтай восеньскай парой, калі хочацца чагосьці ва ўсіх сэнсах цёплага, я дастаю з кніжнай шафы кніжку менавіта Якуба Коласа. Вось зноў задумалася зараз: чаму? І, здаецца, нарэшце зразумела. З ім — як дома, у роднай хаце. Ён — свой. Не вялікі пісьменнік, якому стаіць помнік у цэнтры сталіцы на плошчы яго імя. Просты дзядзька, які гаворыць з табой на тваёй роднай мове, той, на якой думаеш, на якой бачыш сны, на якой бабуля расказвала казкі і спявала калыханкі.


Дарэчы, менавіта бабка мяне з творчасцю Коласа ўпершыню і пазнаёміла. Што, калі разабрацца, само па сабе дзіва і найлепш сведчыць пра тое, што ён быў і застаецца сапраўды народным паэтам. Бабуля мая была 1905 года нараджэння, скончыла ў свой час толькі пачатковую ці, як тады яна называлася, школу — збольшага ўмела чытаць і пісаць. Але ж нам, малым, дэкламавала: «У Савосева суседа // Быў пярэсценькі каток, // Выхаванец Паўла-дзеда, // Такі слаўны пестунок!» Асабліва мне падабалася вось гэта: «Ну, такі каток харошы, // Як драпянка за тры грошы! // Хадзіў коцік пад масток, // Лавіў рыбку за хвасток...» Усё было сваё, дакладна так, як казалі ў нашай вёсцы: і пра драпянку за тры грошы (у нас яшчэ быў варыянт «люлька»), і гэты «каток», які пайшоў пад масток і лавіў там рыбку. Я ведала, што было далей, — ён, злавіўшы, засумняваўся: «Ці самому есці, ці Леначцы несці?» — бо гэта былі словы нашай вясковай калыханкі, якую чула ад той жа бабулі. Тады, канешне, я не спыталася, але цяпер думаю, што бабка наўрад ці ведала аўтара дзіцячага вершыка. Ён быў для яе проста гэткай самай арганічнай часткай жыцця, як і калыханка, якую ёй, напэўна, спявала яе бабуля, а паэту — яго маці...

Мне, атрымліваецца, пашанцавала: мы з Якубам Коласам слухалі адну і тую ж калыханку. Яно і не дзіва — мае родныя мясціны зусім побач ад Стаўбцоўшчыны, у нас вельмі падобная гаворка. Ён зрабіў з гэтай гаворкі высокую літаратуру — вось што здзіўляе кожны раз, калі бярэш у рукі яго кнігу і адразу пераносішся дадому, у родную вёску, у родную хату.

А яшчэ падарожжа па коласаўскіх мясцінах (менавіта па коласаўскіх, хоць дзякуючы працы павандравала па месцах, звязаных з жыццём і творчасцю іншых нашых пісьменнікаў) — гэта ніякая не экскурсія, ты прыязджаеш нібы да сваяка ў госці. Першы раз мы выправіліся ў гэта падарожжа пасля сёмага класа — даехалі на электрычцы да Стоўбцаў, пасля з рукзакамі за плячыма ішлі да недалёкіх Акінчыцаў і далей, ажно да Мікалаеўшчыны. Спыніліся на беразе Нёмана, начавалі ў палатках пад дажджом і чыталі... Коласа. «А дождж шуміць, а дождж гудзе, // І бліжай-бліжай ён ідзе // І даль туманам засцілае. // Упала кропля і другая...» А потым, раніцой, калі паветра дыхала вільгаццю, а хвалі Нёмана іскрыліся пад сонечнымі промнямі, мы пайшлі ў сасновы бор, што быў зусім побач, і хтосьці з хлопцаў, знайшоўшы купку летніх баравікоў, нечакана (думаю, што і для самога сябе) выгукнуў Коласава: «Сядзяць грыбы, бы капыты!» Вядома, хтосьці скажа, што тут заслуга і настаўніцы літаратуры (яна, дарэчы, і вадзіла нас у той паход), але ж скажыце, каго, акрамя Коласа, можна цытаваць на ўсе выпадкі жыцця? Не нейкіх там узнёслых пачуццяў ці высокіх матэрый, а звычайнага паўсядзённага жыцця, якое яму ўдалося проста, на адным дыханні ператварыць у паэзію.

Хоць... Чаму не ўзнёслых пачуццяў? «І ты маўчыш, маўчаць і далі, // Як бы ў адной агульнай хвалі, // Ў адной асветленай часіне // Жыццё злучыла свае плыні // І бег свой вечны прыпыніла...» Хіба гэта не найлепшае апісанне адчування восені? Хто апіша лепш тое, што хоць аднойчы адчуваў кожны: калі аж дух займае, а слоў сказаць — няма? А Колас знайшоў, каб сказаць за нас, каб нашы думкі і пачуцці — вось так, з віртуознай лёгкасцю — у радкі, якія проста запомніць, бо гэта ж нібыта ты сам і напісаў...

Тры гады назад, рыхтуючы матэрыял па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Коласа, я — дзякуй усім, хто ў гэтым дапамагаў, — аб'ехала за дзень практычна ўсе на Стаўбцоўшчыне. Зноў лавіла сябе на тым, што нібы дома, зноў пракручвала ў памяці радкі, ад якіх цёпла нават глыбокай восенню — а ездзілі мы ў самым канцы кастрычніка. Аналізуючы ўжо па-даросламу, падумала вось пра тое, аб чым пісала напачатку — гэта ўсё з-за таго, што мая радзіма зусім побач... Але тут раптам, ужо калі ехалі на Мінск, дзяўчына-фатограф, у якой карані недзе на Палессі, а бацькі ў сталіцы, выдае: «Такая класная паездка! Як у бабулі ў вёсцы пабыла. Так хораша на душы стала...»

Я з задавальненнем яе слухала, а сама сабе думала: як было б здорава, каб у кожным беларускім доме была (і чыталася хоць зрэдку!) Коласава «Новая зямля». Шмат кажам сёння пра патрыятызм, шмат робім для таго, каб ён быў не пустым гукам. А ў Коласа і з гэтым усё проста, і ўсім зразумела з першых радкоў, бо ўсе іх ведаюць на памяць і чытаюць, бы свае: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.