Вы тут

Айчынныя трактары будуць удасканальвацца


У савецкія часы Беларусь была прамысловым цэнтрам, дзе выраблялася вядомая ва ўсім свеце тэхніка. Так, мадэль трактара з Мінскага трактарнага завода нават знайшла сваё ўвасабленне на грашовай банкноце В'етнама! Дзяржава, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці 90-х, змагла захаваць заводы па вытворчасці сельскагаспадарчых машын, і цяпер, як і дзясяткі гадоў таму, наша тэхніка ездзіць па розных кантынентах. Аднак сітуацыя на рынках становіцца ўсё больш складанай, і важна як захаваць старых партнёраў, так і набыць новых. Перспектывы развіцця айчыннага трактарабудавання і стварэння новых мадэляў трактароў абмеркавалі ўчора ў Палацы Незалежнасці.


— Мне няма неабходнасці казаць пра значэнне гэтай галіны для Беларусі, — падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. — Яна закранае інтарэсы не толькі рэгіёнаў нашай краіны, але і ў цэлым усёй дзяржавы. Для сумежных прамысловых прадпрыемстваў гэта даволі важна, лакаматыў іх развіцця. Ад становішча спраў у сельскагаспадарчым машынабудаванні ў многім залежыць работа ўсяго сельскагаспадарчага комплексу, эканомікі сельскай гаспадаркі. Гэта, натуральна, адбіваецца і на сацыяльнай сферы.

Урад унёс на разгляд Прэзідэнта прапановы наконт выпуску на базе «Амкадора» новых відаў трактароў у рамках ствараемага холдынгу па вытворчасці сельскагаспадарчых машын. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што адпаведныя пытанні ўзнімаліся ўжо неаднойчы:

— Мая пазіцыя вам вядома. Меркаванні зацікаўленых бакоў, на жаль, разыходзяцца. Урад настойвае на рэалізацыі ўказанага праекта. Адсутнасць адзіных падыходаў развіцця трактарабудавання выклікае сур'ёзныя асцярогі. Таму ўзнікае пытанне: калі нехта на нечым настойвае, няхай растлумачыць і дакажа, што гэта той шлях, па якім мы павінны прайсці.

Мэта нарады — абмеркаваць прапановы і прыняць рашэнні, якія дазволяць выйсці нашым прадпрыемствам на больш высокі ўзровень, стварыць новыя канкурэнтаздольныя віды сельскагаспадарчых машын. Аляксандр Лукашэнка агучыў, на якія пытанні яму хацелася б пачуць адказы:

— Па-першае, якой бачыць урад стратэгію развіцця трактарабудавання? Бо прыватныя пытанні ў развіцці таго ці іншага віду трактароў, нават тых, што, магчыма, запатрабаваны на міжнародных рынках, на ўнутраным рынку, нельга прымаць без агульнай канцэпцыі. Па-другое, якая сёння эканамічная сітуацыя на «Амкадоры» і МТЗ? У чым сутнасць прапановы аб стварэнні холдынга па вытворчасці сельскагаспадарчых машын, ці ўзаемазвязана яна з дзеючымі ў краіне вытворчасцямі?

Галоўнае пытанне, агучанае кіраўніком дзяржавы: ці трэба нам брацца за стварэнне новых тыпаў трактароў?

— Калі так, то на якой базе іх развіваць? — удакладніў Прэзідэнт. — На базе школы трактарабудавання, якая ёсць, або ствараць новую школу? Хоць на «Амкадоры» ёсць асобныя элементы падобнага вопыту.

Так, распрацоўка новых мадэляў і выпуск новых трактароў павінны павялічыць нашы экспартныя пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Кааперацыя ж «Амкадора» і МТЗ дасць магчымасць абодвум прадпрыемствам абменьвацца перадавым вопытам.

Пры гэтым, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, трэба мець на ўвазе, што нездаровая канкурэнцыя краіне не патрэбна.

— Больш за тое, не хацелася б нездаровага ператоку кадраў з аднаго прадпрыемства на другое, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт станоўча ацаніў той факт, што ўрад прадставіў праект па развіцці трактарабудавання менавіта з разлікам на кітайскія крэдыты:

— Тое, што нарэшце ўрад пачынае прапаноўваць праекты, як я разумею, па кітайскіх крэдытах, звязаных з матэрыяльнай вытворчасцю, — гэта ўжо добра. Таму што матэрыяльная вытворчасць дае аддачу, прыбытак і акупнасць крэдытаў. У адваротным выпадку мы ўсе гэтыя крэдыты можам пакласці на бюджэт і потым надарвацца: яны акажуцца непад'ёмнымі для нашага бюджэту.

У тэму

Віталь ВОЎК, міністр прамысловасці Беларусі, у размове з журналістамі паведаміў:

— Трактарабудаванне ў Рэспубліцы Беларусь будзе развівацца. У нас будзе і калёсны трактар, і гусенічны, і шарнірна-сучленены, і гідрафікаваны — гэта значыць, уся лінейка трактароў, якая сёння ёсць у свеце і якая карыстаецца попытам на пэўных рынках. Гэта галоўная задача: мы сёння пашыраем наменклатуру трактарнай тэхнікі для таго, каб павысіць экспартны патэнцыял краіны і нарэшце забяспечыць унутраны рынак.

Міністр прамысловасці запэўніў: рынак ёсць — як унутры краіны, так і ў свеце. І тую нішу, якую мы маем ужо цяпер, трэба пашыраць. Падмурак для гэтага маецца.

Што да прамысловай вытворчасці трактароў на базе «Амкадора», то яна будзе запушчана тады, калі тэхніка пройдзе выпрабаванні.

— Думаю, на працягу года-двух мы ўбачым ужо прамысловую вытворчасць, — лічыць Віталь Воўк. — Да гэтага будуць вопытна-прамысловыя партыі. Эксплуатацыя пачнецца раней — можа нават у наступным годзе.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Для ўсяго свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.