Вы тут

У Вялікім тэатры Беларусі падрыхтавалі новую версію «Лебядзінага возера»


У Вялікім тэатры Беларусі 15 мая адбудзецца прэм’ера балета «Лебядзінае возера» ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. У спектаклі можна будзе заўважыць новыя харэаграфічныя і музычныя фрагменты, якія аднавіў сам Елізар’еў.


На прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэм’еры, харэограф-пастаноўшчык падкрэсліў:

— Я даўно рыхтаваўся да гэтай працы, даследваў шмат гістарычных матэрыялаў, падымаў архівы. Я не толькі рэстаўрырую харэаграфічны тэкст, але і вяртаю ў спектакль нумары, якія з цягам часу былі страчаны: рускі танец, танец блазнаў, асобныя мізансцэны і вялікія сцэны. Удакладняю і вяртаю да арыгіналу другі і чацвёрты акты. Трэба будзе правесці вялікую працу — сабраць разам усе кампаненты спектаклю, зрабіць лагічнай драматургію і вярнуць на сцэну «Лебядзінае возера» ў новым мастацкім выглядзе.

Для дырыжора-пастаноўшчыка Уладзіміра Авадкі праца над «Лебядзіным возерам» у нейкім сэнсе з’яўляецца дэбютнай. Уладзімір першы раз самастойна кіраваў усім аркестрам, а таксама рабіў карэктуры музычнага тэксту:

— Я вельмі рады, што ў нас атрымалася вярнуць даволі вялікі масіў музыкі; адкрыліся многія фрагменты, асабліва ў параўнанні з папярэдняй версіяй спектакля. У цэлым, мы з аркестрам імкнёмся музычна ажывіць балет: дадаем больш пластыкі і нюансаў. Паспрабуем натхнёна выканаць партытуру.

Па ўласным запрашэнні Валянціна Елізар’ева на сцэну вернецца заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Шэметавец. Пасля завяршэння кар’еры Таццяна засталася працаваць у Вялікім тэатры ў якасці загадчыка балетнай трупы. У «Лебядзіным возеры» балерына выконвае ролю каралевы. Таццяна Шэметавец прызнаецца, што, нягледзячы на хваляванне, яна вельмі ўдзячна магчымасці зноў апынуцца на сцэне.

Валянцін Елізар’еў адзначае, што агульная карціна спектакля ўжо выбудоўваецца. Да прэм’еры засталося няшмат, і зараз у тэатры ідуць маштабныя рэпетыцыі, дзе балетная трупа і аркестр злучаюцца. Маленькі сакрэт, якім падзяліўся харэограф-пастаноўшчык: фінал «Лебядзінага возера» будзе шчаслівым.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі запрасілі гледачоў на прэм’еру балета і абяцаюць, што спектакль не пакіне нікога абыякавым.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.