Вы здесь

Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак: Я адмыслова не вучыўся маляваць


Быць сябрам мастака і адначасова мець магчымасць пакрытыкаваць яго творы не толькі ў прыватнай гутарцы, але і ў прэсе — на ўсю краіну. Рызыкаваць быць выкліканым у суд за быццам бы не зусім справядлівую ацэнку твораў. Ведаць, як ствараецца мастацкі твор, але самому ніколі падобнае не ствараць... Ці ствараць, але ў іншым жанры — мастацтвазнаўчым артыкуле, нарысе. Вядомы даследчык, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Барыс КРЭПАК, які стаў намінантам на атрыманне Дзяржаўнай прэміі краіны 2016 года ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, усе гэтыя парадоксы прафесіі выпрабаваў на ўласным вопыце. На творчым рахунку Барыса Аляксеевіча — больш як чатыры дзясяткі кніг, тысячы артыкулаў у друку, а на асабістым — мноства сяброў сярод калег і паплечнікаў. Справай жыцця даследчыка стала вяртанне беларусам імёнаў выдатных мастакоў — выхадцаў з нашых земляў. З гэтага мы і пачыналі гутарку.


— Напэўна, пошук і вяртанне імёнаў дзеячаў беларускага мастацтва ў мяне ў крыві. Гэтай працы прысвяціў бадай паўстагоддзя жыцця. Некалі мой выкладчык Леў Мікалаевіч Гумілёў казаў, што беларусы — цікавая нацыя, але ўсе духоўныя каштоўнасці «ахвяравалі» іншым народам і краінам, і ці не час збіраць іх зноў. Гэтае выказванне мяне зачапіла. Калі праходзіў студэнцкую практыку ў Эрмітажы, Рускім музеі, то даведаўся, што многія мастакі, якія лічыліся рускімі, палякамі, французамі, літоўцамі, паходзілі з Беларусі. Напрыклад, першы ілюстратар «Вайны і міру», сябар Льва Талстога — Міхаіл Башылаў яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя зрабіў настолькі выдатныя малюнкі да рамана, што іх дагэтуль ніхто не перасягнуў. Башылаў аказаўся беларусам з-пад Жлобіна. Ён, дарэчы, аўтар першых ілюстрацый да «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі. Беларускае паходжанне маюць і пакуль у нас малавядомы, але вельмі таленавіты графік Рудольф Жукоўскі, жывапісцы Сяргей Заранка і Георгій Ніскі, скульптар Міхаіл Мікешын, архітэктар Іван Жалтоўскі.

Ужо тады я пачаў шукаць мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, меў на ўвазе не толькі сучасныя межы краіны, але і тыя тэрыторыі, што некалі былі нашымі землямі, — Беласточчына, Віленшчына, частка Смаленшчыны, Пскоўшчыны...

Такіх імёнаў назбіралася мноства. І прыехаўшы пасля вучобы з Ленінграда ў Мінск, назапасіўшы вялікі архіў, паціху пачаў даследаваць лёсы. Першым быў мастак Хаім Суцін.

Яшчэ ў Піцеры ў 1960-я гады я знайшоў невялічкую кніжачку пра яго на англійскай мове. Мне вельмі спадабаліся рэпрадукцыі. Але пазней пабачыў, што ён нарадзіўся ў беларускім мястэчку Смілавічы, якое ў замежных навуковых крыніцах чамусьці прыпісваецца Літве. Пачаў капаць, а праз некаторы час напісаў вялікі матэрыял пра мастака. І ўжо ў пачатку 1990-х у газеце «Культура» быў надрукаваны цыкл маіх нарысаў пра страчаных геніяў нашай зямлі. Такіх тэкстаў, якія потым выходзілі пад рубрыкай «Вяртанне імёнаў», каля васьмі дзясяткаў. Так паступова склаўся двухтомнік пад аднайменнай назвай, які ў 2013 — 2014 гадах пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

— Ці працягваеце даследаванні ў гэтым кірунку? Магчыма, плануеце трэці том нарысаў?

— Безумоўна, працягваю працу... Але крыху дадам пра ўжо створанае. Мяне цікавілі не толькі лёсы мастакоў, што нарадзіліся тут, але і ўраджэнцаў іншых краін, якія некаторы час жылі і працавалі на нашай зямлі і зрабілі адметны ўнёсак у беларускую культуру.

Напрыклад, вядомы рускі перадзвіжнік Мікалай Неўраў, які многа гадоў пражыў на Магілёўшчыне, памёр і пахаваны тут, у маёнтку Лыскаўшчына; пэўны час працавалі на Беларусі рускія мастакі Мікалай Атрыганьеў, Іван Пахітонаў, Роберт Фальк, Вера Ермалаева. Іх постаці таксама ўвайшлі ў двухтомнік. А вось з некаторымі маімі персанажамі я быў асабіста знаёмы. Напрыклад, з Надзеяй Хадасевіч-Лежэ, калі яна ў 1967-м прыязджала і ў Мінск, і ў свой родны Зембін.

Добрыя адносіны былі ў мяне з бліскучым жывапісцам Яўсеем Маісеенкам, скульптарам Аляксандрам Грубэ, мастаком Пётрам Сергіевічам і г. д. Што да вашага пытання, дык цяпер імкнуся «вярнуць» тых нашых таленавітых дзеячаў мастацтва, якія працавалі тут у 1930 — 1950-я, але іх імёны і творчыя здабыткі сёння аказаліся забытыя ці паўзабытыя. Гэта датычыцца не толькі мастакоў. У свой час такія творцы былі, як кажуць, на вяршыні славы, а цяпер засталіся па-за ўвагай, асабліва сярод моладзі і, што надзвычай крыўдна, — творчай моладзі. Хто ведае, напрыклад, што Іларыён Пяўцоў, выдатны тэатральны дзеяч, нарадзіўся ў Антопалі на Брэстчыне? Вядома, многія яго бачылі ў выдатнай ролі белага палкоўніка Сяргея Бараздзіна ў фільме братоў Васільевых «Чапаеў». І — усё. А што ён наш зямляк — практычна для ўсіх засталося «за кадрам».

Пра другога нашага выдатнага земляка з вёскі Крывель, што на Шклоўшчыне, вельмі папулярнага савецкага кінаакцёра Пятра Алейнікава я таксама нядаўна падрабязна расказаў на старонках «Культуры». Расказаў і пра Лазара (Луіса) Маера, які нарадзіўся ў Мінску і з сям'ёй яшчэ дзіцем эміграваў у ЗША. Так, той самы Луіс Маер, які заснаваў адну з найбуйнейшых кінастудый Галівуда — Metro-Goldwyn-Mayer, амерыканскую Акадэмію кінематаграфіі і славутую прэмію «Оскар». Хочацца іх вярнуць з небыцця. Бо як ні круці — усе яны галінкі нашага духоўнага дрэва, карані якога — у нашай зямлі.

Так, прыйшоў час «збіраць камяні», вяртаць іх на радзіму. Пакуль я цікаўлюся ў асноўным дзеячамі выяўленчага мастацтва, але, магчыма, нехта падхопіць маю працу, зацікавіцца «страчанымі» вучонымі, літаратарамі, палкаводцамі, вынаходнікамі...

Трэба ўсвядоміць рэальную іх колькасць, гэта значыць адкрыць для сябе з'яву вялікай цэласнай «духоўнай школы Беларусі», якая, нягледзячы на незлічоныя выпрабаванні і страты, узбагаціла свет яркімі зоркамі.

— Пішучы пра гэтых мастакоў, кінематаграфістаў і г. д., расказваеце пра перыпетыі іх лёсаў, гісторыі жыццяў?

— Я імкнуся пісаць не сухія факталагічныя тэксты біяграфій, так бы мовіць, па «законах» энцыклапедычнага або гранічна мастацтвазнаўчага жанраў, а жывыя чалавечыя гісторыі, напоўненыя і драмамі, і трагедыямі, і любоўю, і радасцю, і слязьмі, тыя гісторыі, якія павінны закрануць нутро чытача.

— Ведаю, што вы многія гады сябруеце з вядомымі мастакамі. Наколькі для вас як для мастацтвазнаўцы важна быць блізкім таварышам творцы?

— Для мяне важна. Можна браць інтэрв'ю ў сучасніка, пісаць пра людзей далёкага мінулага, якіх не ведаеш. Гэта нармальна. Але мне камфортней працаваць не проста з добрымі мастакамі, але з тымі людзьмі, якіх я сам асабіста паважаю, з якімі мо і сябрую. Але гэта не значыць, што буду пісаць пра сваіх таварышаў толькі апалагетыку. Так, як толькі я прыехаў у Мінск, першым мастаком, з якім пазнаёміўся, быў Леанід Шчамялёў. Дык вось, мы і дагэтуль сябруем, ужо больш як паўстагоддзя. Я пра яго напісаў шмат альбомаў і кніг, яны выходзілі ў Мінску і Маскве. З Аляксандрам Кішчанкам я вельмі добра сябраваў.

З Міхаілам Савіцкім, якога я таксама шмат гадоў ведаў, адносіны былі крыху больш дыстанцыяванымі, хоць мне ён амаль заўсёды адкрываўся. Так, па натуры ён быў чалавекам для многіх закрытым, бо зведаў шмат жорсткіх выпрабаванняў. Але ў любым выпадку, пішучы пра творчасць мастака, я павінен яго ведаць як чалавека. Выстаўка — гэта ўжо вынік мастакоўскай задумы. А як яна ўвасаблялася? Мне важна бачыць, як менавіта пачыналася праца над кожнай работай, пра што мастак думаў, што ў яго атрымлівалася ў працэсе, а што — не. Некаторым мастакам я прыдумваў назвы работ, прапаноўваў унесці нейкія папраўкі. Нехта прыслухоўваўся, а хтосьці — не.

Заўсёды цікава спасцігаць «кухню» творцы, назіраць за працэсам стварэння мастацтва. Гэта па-сапраўднаму дапамагае праявіць сутнасць мастацтвазнаўчага аналізу, прафесіі крытыка, дзеля чаго, уласна кажучы, я і працую.

— Самі спрабавалі маляваць?

— Не, спецыяльна не вучыўся. Ва ўніверсітэце былі такія заняткі, а я спецыяльна не маляваў. Думаю, калі кепска намалюю, то мяне і крытыкам лічыць не будуць. Маўляў, якое права маеш пісаць пра іншых, калі сам не здольны добра намаляваць. Прынамсі мастакі і вучоныя-мастацтвазнаўцы Віктар Шматаў, Леанід Дробаў вельмі пакутавалі з-за дваістасці роляў.

— Бывала такое, што вы крытыкавалі і на вас сябры-мастакі крыўдзіліся?

— Часам здаралася, а аднойчы нават у суд падалі. Гэта было ў 1980-я гады. Я ў газеце «Літаратура і мастацтва» апублікаваў аналітычны артыкул пра выстаўку «Міншчына ардэнаносная», якая праходзіла ў Палацы мастацтва. Пасля гэтага матэрыялу пяць мастакоў напісалі на мяне ліст у ЦК КПБ. Сфатаграфавалі ўсе работы, якія я пахваліў, адзначылі тыя, што я ўвогуле не згадаў, і тыя, якія пакрытыкаваў. Мяне выклікалі ў аддзел культуры ЦК і там разгублена сказалі, што не ведаюць, што рабіць з гэтым лістом. Потым параілі пакрыўджаным: хай падаюць у суд. Яны падалі ў суд на мяне і на галоўнага рэдактара «ЛіМа». Мы прыйшлі ў прызначаны дзень, чакалі, суддзя таксама быў у разгубленасці, бо не ведаў, як даказаць, хто з нас мае рацыю...

Але ніводзін з пяці мастакоў на суд не з'явіўся. На тым справа і скончылася. З адным з тых мастакоў я дагэтуль у добрых адносінах. Так, часам крыўдуюць на мяне, па тэлефоне выказваюць сваю незадаволенасць ці кажуць пры сустрэчы. Я ўжо прывык да гэтага і ні на каго не крыўджуся. Што тут скажаш — мастакі натуры ранімыя...

— Ваша жыццё такое багатае на падзеі і знаёмствы. Магчыма, напішаце мемуары?

— Я іх ужо напісаў. Не думаў пра публікацыю, проста напісаў для сваіх унукаў, мо для будучых праўнукаў. Там я расказваю пра сябе, даследую лёсы сваіх продкаў. Што будзе далей — час пакажа...

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Юрыя ІВАНОВА

Выбор редакции

Политика

Второй день ВНС: все подробности здесь

Второй день ВНС: все подробности здесь

В повестке дня — утверждение концепции нацбезопасности и военной доктрины.

Энергетика

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

А среди стран ЕАЭС — на первом месте.

Молодежь

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Финалистка проекта «Академия талантов» на ОНТ — о творчестве и жизни.

Общество

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Почти тысяча двести человек соберутся, чтобы решать важнейшие вопросы развития страны.