Вы тут

Міндоўг (? — 1263)


Вакол яго асобы вядуцца зацятыя спрэчкі гісторыкаў. Сціплыя звесткі, што захаваліся пра яго жыццё, спарадзілі шмат версій, а то і фальсіфікацый. Яго абвяшчалі стваральнікам Вялікага Княства Літоўскага, які нібыта заваяваў заходнія землі Беларусі і такім чынам усталяваў на іх уладарства «літоўскіх феадалаў». Але ніводны гістарычны дакумент не сведчыць аб гэтым. Больш за тое, невядома, дзе жыў Міндоўг і што ўвогуле азначае яго імя, да якой мовы яно належыць. Так што залічаць яго да летувісаў у нас няма ніякіх падстаў. Дзіўна, але пра Міндоўга толькі ў беларусаў захаваліся паданні, дзе ён называецца наваградскім князем. У самім Наваградку ёсць курган Міндоўга, які нібыта насыпалі наваградцы над магілай свайго князя. Курган і вуліцы Міндоўга былі ў мінулым у Пінску. Народная памяць зберагла факт пражывання князя ў Наваградку. Напэўна, радавым гняздом Міндоўга быў град Рута, які ўпамінаецца ў летапісе. Некалькі населеных пунктаў з назвай Рута ёсць паблізу Наваградка, там жа працякае рака з такой назвай. Супадзенне гэтых даных не можа быць выпадковым.


Больш блізкім да ісціны ўяўляецца нам даследаванне гісторыка Міколы Ермаловіча. Прааналізаваўшы звесткі летапісаў, ён прыйшоў да высновы, што старажытная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, паміж Менскам і Наваградкам, Пінскам і Крэвам. Пра Літву ў гэтым рэгіёне пісаў і польскі гісторык Мацей Страйкоўскі, які адзначаў, што яна «здаўна прыслугоўвала Наваградскаму княству». Дык вось, магчыма, Міндоўг і быў князем гэтай Літвы і знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад наваградскага князя Ізяслава. Прамых звестак, як трапіў Міндоўг у Наваградак і стаў тым князем, няма. Верагодна, зазнаў паражэнне ў міжусобнай барацьбе з іншымі літоўскімі феадаламі, ён уцёк у Наваградак, прыняў праваслаўе і быў выбраны князем. З наваградскай дружынай Міндоўг дзесьці на пачатку 50-х гадоў ХІІІ стагоддзя заваяваў «усю зямлю Літоўскую». Магло быць іначай, але так ці інакш Наваградская зямля знаходзілася пад уладай Міндоўга.

Здрадніцкія забойствы, хітрасць, падман — ні перад чым не спыняўся Міндоўг, каб падначаліць Літву. Той, хто станавіўся на яго шляху, быў забіты альбо вымушаны падзяліць лёс ізгояў. Уцекачы знайшлі падтрымку ў галіцка-валынскага князя Данілы. Яму ўдалося стварыць кааліцыю з Галіцка-Валынскага княства, Яцвязі, Жамойціі і Лівонскага ордэна. І пачалася вайна. Каб раз'яднаць кааліцыю, Міндоўг пайшоў на хітры палітычны крок. Ён падкупіў лівонскага магістра Андрэя Сцірланда і абяцаў яму прыняць каталіцтва, а ў дар ордэну адпісаць некаторыя землі. У сваю чаргу, магістр паабяцаў выпрасіць у Папы Рымскага для Міндоўга каралеўскую карону. Гэтак і адбылося. Папа ўзрадаваўся, што Міндоўг «спазнаў хвалу Божую і праз хрышчэнне адрадзіўся», і прыслаў яму булу, якой абвяшчаў, што «...Каралеўства літоўскае прымае пад пратэкцыю апостальскай сталіцы». У 1253 годзе Міндоўг каранаваўся ў Наваградку на караля літоўскага. Як і абяцаў, Міндоўг хрысціўся са сваімі баярамі і адпісаў ордэну тое, што не належала яму — Яцвязь, Жамойцію, Дайнову (зямлю паміж Нёманам і вярхоўем ракі Нараў), Нальшаны (зямля ў раёне сучасных Гальшанаў, Ашмянаў, Крэва). Такім чынам, Лівонскі ордэн стаў саюзнікам Міндоўга. Аднак Міндоўг не перамог у вайне. Даніла Галіцкі «плениша всю землю Новогородьскую». Давялося Міндоўгу прасіць міру. Яго сын Войшалк і заключыў гэты мір, саступіўшы Данілу Наваградак, Слонім і Ваўкавыск. Невядома, у якім горадзе правіў пасля гэтага Міндоўг. Становішча яго было хісткае. Паганскае насельніцтва Літвы было незадаволена сваім уладаром-хрысціянінам, таму ён паказваў, што яго хрышчэнне «льстиво». Усё больш і больш падпадае ён пад уплыў жамойцкага князя Траняты, які настойваў на вяртанні яго ў паганства.

Транята і падбіў Міндоўга на паход у Латгалію і Лівонію: маўляў, абедзве гэтыя зямлі трапяць у яго рукі, бо яны хочуць зрабіцца паганцамі. Міндоўг, спакусіўшыся на шчодрыя абяцанні, парывае з ордэнам і адракаецца ад хрысціянства. Транята выкарыстаў Літву ў вайне з ордэнам і вырашыў сам стаць каралём літоўскім. У 1261 годзе Міндоўг з войскам прыйшоў у Лівонію. Транята здрадзіў яму і ўвёў жамойцаў. Ні лівы, ні латгалы не паўсталі супраць ордэна. Нарэшце Міндоўг зразумеў, што Транята выкарыстаў яго ў сваіх палітычных планах. Міндоўг мусіў змірыцца са сваім становішчам. «Што будзе, тое будзе, я прытрымаюся ўказанняў Траняты і жамойтаў». А Транята чакаў свайго часу. У 1262 годзе ў Міндоўга памерла жонка, тады ён сілай бярэ сабе яе сястру, жонку нальшанскага князя Даўмонта. Транята ўцягнуў Даўмонта ў сваю змову. Каб пазбавіцца ад іх, Міндоўг у 1263 годзе адправіў абодвух у паход на Бранск. Але яны перахітрылі Міндоўга. Даўмонт вярнуўся назад і ноччу напаў на дом літоўскага ўладара, забіў яго разам з двума сынамі. Так закончылася жыццё першага і апошняга караля літоўскага. Тое, што не змог зрабіць ён, зрабіў яго сын Войшалк.

Вітаўт Чаропка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.