Вы тут

Вёска Налібакі адзначыла сваё 570-годдзе


У Стаўбцоўскім раёне, зрэшты, як і ў Мінскай вобласці, стала добрай традыцыяй правядзенне свята вёсак. На днях такое мерапрыемства прайшло ў вёсцы Налібакі, якую называюць варотамі ў пушчу з аднайменнай назвай. Ды і нагода для свята была добрая — 570 гадоў з дня заснавання вёскі.


Спачатку ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святочная імша. Затым на могілках адкрылі кальварыю і асвяцілі крыж, які сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю. Пасля для ўдзельнікаў свята прагучаў канцэрт духоўнай музыкі.

А далей свята завіравала. Вяскоўцаў і гасцей весялілі ансамблі «Церніца», «Арнамент», тэатр гумару «Канкан» ды іншыя творчыя калектывы. Кожны ўдзельнік тут знайшоў занятак па душы: дарослыя танцавалі, падпявалі самадзейным артыстам, ласаваліся мясцовымі пачастункамі, знаёміліся з выставамі народных майстроў, прадметамі побыту продкаў. Дзеці забаўляліся на атракцыёнах, спаборнічалі паміж сабой у розных гульнях.

Такія святы — добрая нагода добраўпарадкаваць населеныя пункты, навесці глянец у кожным двары, на тэрыторыях агульнага карыстання, лічыць старшыня Налібацкага сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч. Людзі пачалі рыхтавацца да яго яшчэ з вясны: упрыгожвалі свае сядзібы кветкамі, фарбавалі агароджы, фасады дамоў, абразалі галіны дрэў, касілі траву. На дапамогу састарэлым бацькам прыязджалі дзеці з горада. Словам, кожны імкнуўся перамагчы ў конкурсе на лепшы падворак. Яго вынікі падвялі на свяце, а за лепшае аздабленне гаспадарам уручылі каштоўныя падарункі, сувеніры, дыпломы.

Налібачане не толькі весяліліся, але і ўспаміналі сваіх продкаў, гісторыю сваёй малой радзімы, якой вельмі ганарацца. Упершыню назва вёскі ўзгадваецца ў летапісах пад 1447 годам. У свой час слава пра гэты населены пункт грымела за мяжой. Справа ў тым, што ў 1717 годзе Ганна Кацярына Радзівіл заснавала тут шкляную мануфактуру (гуту). Прадукцыю пастаўлялі не толькі ў Рэч Паспалітую, Расію, але і ў іншыя краіны Еўропы, дарылі магнатам, прыдворным асобам, манархам. Напрыклад, польскі і вялікі князь Літоўскі кароль Аўгуст Панятоўскі пасля таго, як атрымаў у падарунак набор з налібацкага шкла, загадаў, каб у яго рэзідэнцыі больш шклом іншых вытворцаў не карысталіся. Шкляны посуд шліфавалі ў цэху, што размяшчаўся непадалёку ў вёсцы Янкавічы на беразе рэчкі Шуры. Абсталяванне прыводзілі ў дзеянне вадой. Тут жа шліфавалі кандэлябры, падсвечнікі, настольныя і насценныя люстэркі, пячаткі і дзяржанні для зброі з каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выпускалі на заводзе і незвычайнай прыгажосці рубінавае шкло. Рэцэпт яго варкі трымаўся ў вялікім сакрэце. Вырабы аздабляліся ўзорамі, залатымі медальёнамі. На заводзе працавалі нямецкія спецыялісты. Але з цягам часу мясцовыя жыхары цалкам авалодалі такім майстэрствам. Сярод іх Павел Шумчык, Мацей Русак, Рыгор Клімовіч, Рыгор Аўчук, Мікалай Гайсюк і іншыя. Пасля адмены прыгоннага права стаў адчувацца дэфіцыт таннай рабочай сілы. І ў 1866-м прадпрыемства закрылі. Вырабы з налібацкага шкла ёсць у музеях Санкт-Пецярбурга, Масквы, Львова, Кракава, Варшавы, Гданьска, Вільнюса і Каўнаса, у прыватных калекцыях, некалькімі экспанатамі валодае Нясвіжскі палац. У ваколіцах Налібакаў шэдэўры радзівілаўскіх гутнікаў шукалі даўно, але так нічога і не знайшлі. На жаль, гэты фірменны посуд не захаваўся і ў месцічаў.

А вось пра тое, што ў 1830 годзе побач з мястэчкам быў адкрыты жалезны руднік, сведчаць вострыя каменьчыкі з блакітным адценнем. Гэта адходы ад выплаўкі руды. Раней іх звозілі ў Нёман, у савецкія часы імі падсыпалі вуліцы і дарогі. А між іншым, яны ўтрымлівалі каля 60% жалеза. У 1852-м металургічная вытворчасць была прадстаўлена заводамі ў вёсках Рудня і Кляцішча. У розныя часы тут выпускалі чыгуначныя рэйкі, пракат, іншыя жалезныя вырабы. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на вытворчасці працавала 218 чалавек. Налібацкі металургічны камбінат у 1852—1857 гадах быў найбуйнейшым на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сёння Налібакі таксама стабільна развіваюцца. На тэрыторыі сельсавета паспяхова працуюць тры лясніцтвы, сельскагаспадарчы жывёлагадоўчы комплекс. Сёлета гаспадарка атрымала каля 37 цэнтнераў збожжа з гектара. З улікам таго, што тут невысокі бал зямлі, вынік нядрэнны. Налібакі ўключаны ў рэспубліканскую праграму «Здаровы аграгарадок», якая пасадзейнічае далейшаму добраўпарадкаванню і развіццю.

Налібацкі сельсавет актыўна ўладкоўвае свае тэрыторыі: зносяцца старыя і пустуючыя дамы, прысядзібныя ўчасткі ўводзяцца ў грамадскі севазварот. Менавіта за гэтую работу Аляксандр Пілінкевіч узнагароджаны граматай Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Такія святы ў Стаўбцоўскім раёне і на Міншчыне прадоўжацца да позняй восені. Менавіта яны аб'ядноўваюць, збліжаюць людзей, даюць магчымасць яшчэ раз звярнуцца да сваіх каранёў, мацуюць повязь пакаленняў. А своеасаблівы конкурс стымулюе жыхароў спаборнічаць паміж сабой, каб іх населены пункт выглядаў прыгажэй, лепш.

Ну, а гулялі Налібакі да позняй ночы. І завяршылася свята салютам у гонар роднай вёскі

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Брама ў Налібацкую пушчу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.