Вы тут

У Гомелі правялі гістарычную рэканструкцыю


У чырвоны колер расквецілі лістапад, які ўжо страціў лісце, удзельнікі гістарычнай рэканструкцыі, праведзенай у стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Гомелі.


Імітацыя падзей з захопам палаца Румянцавых і Паскевічаў адбылася ў цэнтральным парку горада над Сожам і сабрала некалькі соцен чалавек. Частка з іх выйшла пад чырвонымі сцягамі сучаснай Камуністычнай партыі, частка — з рэтра-транспарантамі, а большасць — проста для таго, каб зрабіць цікавае сэлфі з рарытэтнымі машынамі і людзьмі, апранутымі ў гістарычную ваенную форму.

Дарэчы, стагоддзе таму захоп улады бальшавікамі менавіта ў Гомелі абышоўся без кровапраліцця, але ж для большай тэатралізаванасці ўдзельнікі ваенна-гістарычнага клубнага аб'яднання «Гонар мундзіра» правялі перастрэлку халастымі сярод старажытных дрэў парку Паскевічаў, многія з якіх сапраўды бачылі ўдзельнікаў рэвалюцыйных падзей 1917 года.

Асноўныя сёлетнія мерапрыемствы ў Гомелі між тым разгортваліся ад парку Фестывальны, дзе паўстагоддзя таму быў узведзены курган Славы — у гонар 50-годдзя савецкай улады і для ўвекавечання памяці воінаў Чырвонай Арміі, партызан, загінулых за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў 1941—1945 гадах.

Традыцыяй 1967 года была паўсюдная закладка капсул з наказам нашчадкам. У Гомелі каля такой пліты пры падножжы кургана паўстагоддзя гарыць вечны агонь. Дастаць ёмістасць з тэкстам было завешчана якраз на 100-годдзе рэвалюцыі, што і зрабілі дапытлівыя носьбіты традыцый.  Пакуль музейныя супрацоўнікі будуць рэстаўраваць новы адрыты артэфакт, у газетных архівах, вядома, знайшлі тэкст, прызначаны для прачытання. У ім, прынамсі, ёсць такія словы:

«Беражыце родную нашу Айчыну, свяшчэнную зямлю, якую адстаялі і збераглі для нас продкі. Свету — мір, дружба — народам, шчасце — для ўсіх людзей зямлі. Капсула закладзена 26 кастрычніка 1967 г. у 11.30».

Яшчэ праз 50 гадоў будзе нагода ў нашых нашчадкаў сабрацца і ўскрыць грунт. Новая капсула са зваротам у будучыню цяпер зарыта на плошчы Леніна ў падмурку помніка правадыру камуністычных ідэй. Права яе апусціць у зямлю было дадзена старшыні гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Івану Барадзінчыку і кіраўніку спраў Гомельскага аблвыканкама Алене Клічкоўскай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Капсула часу ўскрыта, капсула часу закладзена

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.