Вы тут

Графічны дызайнер стала татуіроўшчыцай


Анастасія Стральцова па адукацыі архітэктар, яна дзесяць гадоў адпрацавала графічным дызайнерам у Мінску. За гэты час дзяўчына рэалізавала дзясяткі цікавых праектаў. А потым вырашыла спыніцца на мастацтве... татуіроўкі.


— Гэтая мара з'явілася ў мяне ў 15 гадоў. Тады на адным з тэлеканалаў ішла вядомая перадача «Маямскае чарніла» з шыкоўнай татуіроўшчыцай Кэт Фон Дзі. Натхніўшыся ёю, я зрабіла сабе першае тату. Але бацькі былі абураныя, калі ўбачылі маю «прыгажосць», сказалі, што «наколкі» не для дзяўчыны. Час ішоў, я скончыла архітэктурны факультэт, уладкавалася на працу. Здавалася, што справы ідуць нядрэнна, але ў 27 гадоў пачала адчуваць нерэалізаванасць, таму адважылася на кардынальныя перамены ў жыцці. Напачатку дапамогі з боку не было, вучылася мастацтву тату самастойна. Рабіла малюнкі на свіной скуры, агародніне, штучных матэрыялах.

Цікава, што Насця набівае татуіроўкі толькі па сваіх эскізах, у стылі мінімалізму, у якім, дарэчы, адчувае сябе ўпэўнена і свабодна. Адну і тую ж работу ніколі не паўтарае. На стварэнне эскізаў яе натхняюць думкі і ідэі кліентаў. Часцей за ўсё дзяўчына робіць тату на руках, сцёгнах, а вось на пальцах, вушах і ступнях — ніколі.

— Ці павінен быць сэнс у татуіроўкі?

— Лічу, што неабавязкова. Набіваючы сабе, магу прымеркаваць яе да пэўных падзей, а часам проста выбіраю тое, што візуальна падабаецца. На маім целе больш за 15 татуіровак, некаторыя ўжо ператварыліся ў адну суцэльную. У асноўным гэта кветкі і птушкі, але
ёсць і незвычайныя: жанчына, у якой замест верхняй часткі галавы расліна, парная татуіроўка з мужам, малюнкі розных жывёл, рыб, ягад і выява... лямпачкі. Да сваіх кліентаў я не лезу з роспытамі аб сэнсе тату, лічу, што гэта асабістая справа кожнага.

Падчас нашай гутаркі Насця расказала, што, па яе назіраннях, дзяўчаты лепш пераносяць боль, чым хлопцы. Але абагульняць не варта, бо ў кожнага чалавека свой балявы парог: для аднаго набіваць малюнак на скуры балюча, для другога — прыемна.

Ад чаго залежыць колер татуіроўкі? Бывае, што чорны праз тыдзень-два становіцца зялёным. Як гэтага пазбегнуць? Суразмоўніца кажа, што такога быць не павінна, калі гэта здарылася, значыць, вам зрабілі тату няякаснымі пігментамі. Таму набіваць малюнак трэба ў салоне з добрай рэпутацыяй.

— Добры спецыяліст, які знайшоў свой стыль, прыйшоў да поспеху самастойна, будзе запатрабаваны заўсёды. Важна любіць сваю справу, а не проста зарабляць грошы, — дзеліцца Насця. — Напрыклад, на пачатку свайго прафесійнага шляху я разумела, што трэба развіваць навык малявання. Не ва ўсіх тату-майстроў ёсць такі прыроджаны талент, у маім выпадку ён набыты. Не лішнім будзе напомніць і пра тое, што залог паспяховай кар'еры ў наш час — добрая піяр-кампанія. Многія кліенты знаходзяць мяне праз «Інстаграм». Эскізы работ на сваёй старонцы я публікую кожны дзень, каб чалавек мог зразумець, падабаецца яму мая творчасць або не. А каб зачапіць вока патэнцыйных кліентаў яшчэ больш, раблю фатаграфіі эстэтычнымі, у адзіным стылі.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Мінімалізм на кончыку іголкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.