Позняя восень і пачатак зімы сёлета не вылучаюцца працяглымі перыядамі халадоў. Затое яны багатыя на пераход тэмпературы паветра праз нулявую адзнаку. І такія ваганні ртутнага слупка даволі рызыкоўныя для тых гаспадароў, якія абаграваюць свае прыватныя дамы не печкай, а пры дапамозе катла.
За апошнія тры месяцы адбыліся дзве надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з эксплуатацыяй гэтых ацяпляльных агрэгатаў, якія маюць магутнасць менш за 100 кілават, — больш «моцныя» катлы выкарыстоўваюцца толькі ў прамысловым сектары. Распачаў статыстыку выбух у вёсцы Дудары Лідскага раёна. Гаспадар дома патэлефанаваў а 10-й раніцы 8 кастрычніка ратавальнікам і паведаміў, што ў яго доме разарвала ацяпляльны кацёл. Выбух прынёс істотны ўрон. Акрамя самога катла, была моцна пашкоджана перагародка паміж топачнай і ванным пакоем.
У апошнім таксама выбіла шкло і часткова абрынуўся дах. Але гаспадару, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. Выбуховая хваля не парушыла цэласнасць нясучых канструкцый, і таму дом для жылля прызнаны прыдатным. Меркаваная прычына здарэння — адсутнасць цыркуляцыі цепланосьбіта.
А ў канцы кастрычніка ў кацельнай вытворчай базы ў Жодзіне адбылася трагедыя. Пасля рамонту сеткавай помпы выбухнуў адзін з двух цвердапаліўных катлоў. У выніку загінуў чалавек, яшчэ чацвёра пацярпелі... Напрыканцы ж лістапада статыстыку інцыдэнтаў папоўніў выпадак у пасёлку Халопенічы Крупскага раёна. Тамтэйшая кацельная два гады таму была перааснашчана новымі ацяпляльнымі агрэгатамі. І вось неяк раніцай у топцы аднаго з іх падчас распальвання была знойдзена вада. У ацяпляльны сезон здарэнне, што і казаць, даволі непрыемнае — ад кацельнай залежыць тэмпература ў трох шматпавярховых дамах, бальніцы і школе-садку. Каб пасёлак не застаўся без цяпла, туды адправілі перасоўную кацельную. Прадстаўнікі завода-вытворцы аператыўна прыбылі ў Халопенічы і да вечара кацёл адрамантавалі, але... наступнай раніцай пацякла ўжо другая ўстаноўка. Цяпер Дзяржпрамнагляд праводзіць адпаведнае расследаванне.
Сітуацыю каментуе начальнік упраўлення надгляду за бяспекай абсталявання, якое працуе пад ціскам, і цеплавых электрастанцый Дзяржпрамнагляду Уладзімір Сафонаў.
— Калі ўначы тэмпература паветра змяншаецца ніжэй за нуль, то трубаправоды і пашыральныя бакі ацяпляльнай сістэмы замярзаюць. У контуры вада ўжо не цыркулюе, і недзе ўтвараецца ледзяны корак. Як правіла, датычыцца гэта памяшканняў кшталту гарышчаў, дзе бакі таксама недастаткова ўцеплены. Раніцай жа чалавек устае, пачынае тапіць кацёл, а на паказанні прыбораў не глядзіць. Ціск нарастае, і адбываецца выбух...
Яшчэ адна памылка — імкненне «прабіць» ледзяны корак павышаным ціскам пары. Рабіць гэтага нельга таму, што імгненна лёд не растане. А вось разарваць трубу ціск якраз здольны.
— У любым выпадку яшчэ да пачатку распальвання катла трэба адкрыць лінію падсілкоўвання сістэмы ацяплення і кантрольную лінію запаўнення пашыральнага бака, — працягвае Уладзімір Сафонаў. — Калі з яе вада не выходзіць або калі ціск на манометры расце па невядомай прычыне — значыць, справы дрэнныя, недзе трубу забіў лёд. Разаграваць яе можна, толькі паліваючы зверху праблемнае месца цёплай вадой, а пасля распальваць сістэму, кантралюючы ціск на манометры. Але бывае і так — здаецца, што вы як быццам растапілі лёд у адным месцы, зноў запусцілі кацёл, а ціск усё роўна пачынае набліжацца да максімальна дапушчальнага. Гэта значыць, што або недзе ўтварыўся яшчэ адзін корак, або не да канца ліквідаваны першы. У такім разе трэба спыніць падачу паліва ў топку, а яго рэшту заліць вадой.
Яшчэ адна прычына здарэнняў з ацяпляльнымі катламі — наяўнасць кандэнсату ў ніжняй «кішэні» коміна, яго абмярзанне і закаркоўка. Канешне, пасярод зімы праводзіць тэхнічныя работы — наўрад ці найлепшы варыянт. Але калі сезон халадоў скончыцца, то лепш ажыццявіць іх як мага раней, не адкладаючы на потым. А яны вельмі простыя — пачысціць паверхні ўнутры катла і комін ад сажы, правесці рэвізію арматуры, праверыць сістэму на герметычнасць і ўцяпліць усе яе часткі, што знаходзяцца ў памяшканнях, якія не ацяпляюцца.
Цікава, што газавыя катлы амаль ніколі не трапляюць у зводкі здарэнняў. Тут ёсць адзін адметны момант. Лічыцца, што газ пры яго няправільным выкарыстанні нясе большую рызыку. І гэта сапраўды так — газапаветраная сумесь можа разнесці ўшчэнт цэлы пад'езд шматпавярховіка, не кажучы ўжо аб невялікай сценачцы ў кацельнай. Таму газавыя катлы абавязкова абсталёўваюцца сістэмай аўтаматычнага выключэння, калі ў іх рабоце пачынаюцца перабоі. А вось цвердапаліўныя катлы, якія працуюць на дровах, торфабрыкетах і вугалі, маюць яе не заўжды.
Але гэта не азначае, што такое ацяпленне не патрабуе ніякай прафілактыкі. Незалежна ад таго, з якога матэрыялу зроблены дымавыя і вентыляцыйныя каналы, іх трэба чысціць і правяраць штогод. Для комінаў з цэглы гэты тэрмін яшчэ карацейшы — не менш чым раз на квартал.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота дадзена Дзяржпрамнаглядам
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.