Вы тут

Як будаўнік захапіўся ткацтвам і пляце паясы «на ніце»


Спачатку старадаўняй тэхнікай авалодала Ала Накладовіч, пасля да ручнога ткацтва далучыўся яе муж Юрый. Не засталіся ў баку ад сямейнага захаплення і дзве дачкі — Марыя і Караліна. Сям'я майстроў часта праводзіць майстар-класы і ўдзельнічае ў народных абрадах і святах.


А жывуць народныя ўмельцы ў вёсцы Скрыбаўцы Шчучынскага раёна. І муж, і жонка занятыя ў будаўнічай галіне. Да гэтага Ала працавала ў Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці, там і захапілася рамяством. Часта выязджала на святы і фестывалі. Па словах Алы, муж напачатку зайздросціў такой папулярнасці жонкі, а потым вырашыў і сам далучыцца да народнага рамяства.

Аб гэтым Юрый расказаў падчас майстар-класа ў Шчучынскім цэнтры дзіцячай творчасці, знакамітым палацы Друцкіх-Любецкіх. Аказалася, што авалодаць нібыта «жаночым» рамяством пад сілу і мужчыну. Праўда, ён падышоў да творчасці больш практычна, і цяпер разам з паясамі пляце дэкаратыўныя вяроўкі для патрэб гаспадаркі. Такія вырабы таксама карыстаюцца попытам.

Цяпер Накладовічы разам ездзяць на святы, дзе ахвотна дэманструюць сваё майстэртсва.

— Гэта тэхніка «на ніце» даволі старажытная. Мне некалі мама яе паказвала, але я навучылася плесці такія паясы на спецыяльных курсах, перадала сваё майстэрства спачатку дочкам, потым і муж далучыўся. Цяпер у яго таксама добра атрымліваецца. Увогуле нельга сказаць, што гэта складана, але патрэбны некаторыя прылады — такія круглыя калодкі. З іх дапамогай ткалі паясы, якімі маглі падперазацца, і скарыстацца ў гаспадарцы, як вяроўкамі. Тэхніка ткацтва паясоў ёсць розная. Дачка, напрыклад, тчэ на бёрдачку, але ўсе мы пляцём паясы, гэта наша спецыфіка, — расказвае Ала.

І хоць у сям'і вялікая гаспадарка, яны знаходзяць час, каб удасканаліць майстэрства і прадставіць ткацкія вырабы з новымі ўзорамі. Па словах Юрыя, галоўнае ў гэтым працэсе ўсё рабіць упэўнена, але не хутка. Калі спяшаешся, можна наблытаць, і тады прыйдзецца вяртацца назад. У Алы — свой падыход. Яна скіравана на пошук арнаменту і новых фарбавых спалучэнняў. А яшчэ ў яе ёсць мара навучыцца ткаць на кроснах. Прычым не на сучасных, кампактных, а на вялікіх старых станках. Дзед Алы некалі зрабіў такія кросны, і яны да гэтай пары захаваліся, але іх цяжка прыстасаваць у сучасным доме. Магчыма, Юрый зробіць спецыяльную майстэрню, каб жонка магла там ткаць ручнікі і сурвэткі. І, хто ведае, можа, і сам Юрый асвоіць старажытнае рамяство, як спасціг няпростую справу пляцення паясоў. Дарэчы, у былыя часы мужчыны не цураліся такой работы і не лічылі яе выключна жаночай...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Мужчынская справа

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.