Вы тут

Амільчына філасофія. Якое выхаванне сёння было б не лішняе


Праз мяцеліцу, якая апанавала плошчу так, што і Дом урада, і «слупок» педуніверсітэта ледзь угадваліся па абрысах, я дайшла нарэшце да Чырвонага касцёла. Пацягнула на сябе цяжкія каваныя дзверы, перавязаныя чыімсьці цёплым шалікам, каб не грукалі, зачыняючыся, купіла свечку, паставіла яе каля распяцця справа ад алтара — за спачын. Бабка была б задаволеная. Уявіла, як яна ўсміхаецца, — прыгожая нават у сваёй глыбокай старасці, з крамянымі ружовымі шчочкамі, акуратнымі вуснамі, празрыста-блакітнымі, амаль дзіцячымі вачыма, прыбраная ў балонневую маладзёжную куртку, якую я насіла ў дзясятым класе. Яна мне такой заўжды, нават праз дваццаць пяць гадоў пасля смерці, і ўяўляецца — сядзіць на калодцы каля брамкі, уся такая маленькая, рухавая, як птушачка, у ярка-ружовай куртцы, з цікавасцю пазірае на вуліцу: хто ідзе, што нясе, як апрануты. Кожны год у лютым я, праваслаўная, іду ў касцёл, каб памаліцца за спачын душы Эміліі. Нашай Амількі, якой, як зразумела, стаўшы зусім дарослай, абавязана не толькі тым, што яна ў дзяцінстве замяніла мне дзіцячы садок, якога не было ў прынцыпе. Не толькі гэтым — нашмат, нашмат большым.


Яна была простай сялянскай жанчынай, не чытала разумных кніжак па псіхалогіі і выхаванні (яна ўвогуле не чытала кніг — не было калі, дый жыццё само было мудрэйшае за любы літаратурны сюжэт). Часам, як па сённяшніх уяўленнях, зусім непедагагічна сварылася за якую шкоду, здаралася, і перацягвала дубцом ці анучай па мяккім месцы. Але ж — выхоўвала. Уласнай выпакутаванай простай жыццёвай філасофіяй, у якой не было месца жалю, але заўсёды знаходзілася шкадаванне (толькі з гадамі разумееш, якая вялізная розніца паміж гэтымі паняццямі), у якой была рэалістычная разважлівасць, якая межавала з цынічнасцю, у якой было спакойнае, без прыніжэння і фанабэрыстасці, пачуццё ўласнай годнасці.

Вучыла, як магла — словамі, уласнымі ўчынкамі. Прычым на звычайных побытавых сітуацыях, але ж яно неяк клалася на розум, на сэрца, складвалася ў характар, запісвалася ў асабісты маральны кодэкс. Памятаю, як мама, дастаючы з халадзільніка двухлітровы слоік смятаны, упусціла яго з рук. Не памятаю, ад чаго — ад спалоху ці ад таго, што шкада было той смятаны, я, пяцігадовая, зараўла на ўсю хату. Мама, і без таго злосная, пасля дарэмных спроб супакоіць румзанне, дала мне плескача па «пятай кропцы» («Каб ведала, чаго плачаш».) Якраз вярнуўся з работы бацька, убачыў злосную жонку, разлітую смятану і сваю любіміцу, якая раўла ўжо на ўсю моц. Падумаў, канешне, што шкоду ўчыніла я, за што і пакараная, і пачаў сварыцца на маму. Ваша пакорная слуга зараўла яшчэ мацней. Карацей, вэрхал і скандал. Які бабка Амілька супыніла некалькімі словамі. Проста, не спрабуючы супакоіць, сказала малой: «Ад таго, што ты плачаш, смятана назад у слоік не збярэцца»... Я ўспамінала 
гэты выпадак праз шмат гадоў, калі чытала ў Францыска Асізскага: «... дай мне пакорлівасць прыняць тое, што я не магу змяніць...», у Рэмарка: «Вельмі мала што ў жыцці бывае доўга важным»... Мільгала тады ў галаве: я даўно ўжо пра гэта ведаю, гэтым кіруюся. Адкуль? Бабка, мая маленькая вясковая бабка расказала мне пра гэта.

А яшчэ бабуля мне з маленства паказвала... смерць. Яна брала мяне на ўсе пахаванні, якія ў даволі вялікай і шматлюднай па тым часе вёсцы здараліся даволі часта. (Шок для сучасных бацькоў і дзіцячых псіхолагаў.) Толькі праз гады я зразумела, чаму ў вясковай традыцыі гэта было справай звычайнай і (кіньце ў мяне камень) важным элементам выхавання. Менавіта так, проста, без гучных, правільна падабраных слоў у малога з'яўлялася разуменне крохкасці жыцця, неабходнасці берагчы сябе і блізкіх. Бо вось жа хадзіў чалавек па вясковай вуліцы, вітаўся, жартаваў, а цяпер ляжыць нерухомы, зусім на сябе не падобны, і яго закапаюць у зямлю, і больш яго не будзе. Тое, чаго аніяк не паправіш. І з'яўлялася тады адваротнае разуменне: усё астатняе, акрамя гэтага, паправіць можна. Адзіная безвыходная сітуацыя — смерць. Калі я чытала гэта ў Караткевічавых «Каласах...», я ўжо ведала. Дзякуючы бабцы я сама дайшла да гэтага яшчэ ў дзяцінстве.

Яна ніколі не мітусілася і не прыгаворвала, калі здаралася якая нязначная дзіцячая траўма. Разбітае калена або парэзаны палец увогуле такімі не лічыліся. «Прыкладзі трыпутнік і перастань раўці, нічога страшнага», — гэтыя яе спакойныя словы вельмі хутка высушвалі слёзы. Нашмат складаней было з крыўдамі, пакуль аднойчы, здаецца, у другім класе, не дайшло тое, што бабка мне паўтарала неаднойчы: «Дурная, чаго плачаш? Многа ім гонару, што ты плачаш!» І працягам гэтага правіла стала яшчэ адно, якое прачытала пазней у Булгакава, пра тое, што не варта нічога ні ў кога прасіць, — я, дзякуючы бабулі, кіравалася ім яшчэ задоўга да таго, як упершыню разгарнула гісторыю пра Воланда і Пілата.

А яшчэ яна вучыла мове — жывой, не з кніжак. І гэта таксама — назаўсёды. Ідзеш вечарам з работы стомленая, снег лёгкі з неба пацярушвае. І раптам сама сабе думаеш бабчынымі словамі: «Сняжок тынькае». І ад гэтага «тынькае», якое толькі дома пачуеш, так спакойна і хораша становіцца, як у маленстве, калі ўсе блізкія былі жывыя, былі побач. І разумееш, што яны нікуды не зніклі, што яны па-ранейшаму з табой, як і гэтае бабуліна, не запісанае ў слоўніках роднае слова...

Яна і сёння дапамагае мне жыць. Калі раптам прыходзіць роспач з-за праблем на рабоце, у побыце, у асабістым, — я ўяўляю, як бабка Аміля, здзекліва прыжмурыўшыся, пытае: «І гэта, па-твойму, праблемы?» «Не, канешне», — адказваю я сабе і ёй, якая ў 37-м засталася ўдавой з двума дзецьмі і ярлыком жонкі «ворага народа», якая перажыла жудасць вайны, якая працавала ў калгасе за «палачкі», якая ў восемдзясят пахавала пяцідзесяцігадовага сына. І сапраўды — якія ў мяне праблемы?..

Такіх бабуль на нашай зямлі ўжо няма. Сышло іхняе пакаленне... Пазіраюць на нас зверху, пытаюць з'едліва: «І гэта ў вас праблемы?» А мы і нашы дзеці, многіх з якіх хтосьці крыўдна, але трапна назваў «інфантыльнымі летуценнікамі-недарэкамі», не знаходзім у сабе ні смеласці, ні мудрасці адказаць ім тое, што яны былі б шчаслівыя ад нас пачуць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.