Вы тут

80 гадоў таму 22 ліпеня ў Бастыні былі расстраляныя фашыстамі дэпутат Марыя Бушыла і яшчэ чацвёра савецкіх актывістаў


22 ліпеня 80 гадоў таму ў Бастыні былі расстраляныя фашыстамі дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Марыя Сафронаўна Бушыла і яшчэ чацвёра савецкіх актывістаў.


Сімвалічна звязала гэту дату і пярэдадзень памяці Мікалая Калінковіча (18.12.1950 — 24.07.1990) яго творчасць, таму менавіта 22 ліпеня былі ўскладзены кветкі да бюста земляка. У кнігу «Лунінец» (1990) уключаны нарыс «Бясстрашнасць Марыі», прысвечаны «дэпутатцы», як звалі яе аднавяскоўцы. І пасля кароткай цырымоніі ў Лунінцы, у якой удзельнічалі знаёмыя і сябры пісьменніка-чэкіста, прадстаўнікі гарадскіх школ і гімназіі, політэхнічнага і сельскагаспадарчага каледжаў, краязнаўчага музея, прадпрыемстваў чыгуначнага вузла, ДТСААФ, раённых арганізацый Беларускіх саюзаў афіцэраў і ветэранаў органаў пагранічнай службы, многія накіраваліся ў Бастынь, да абеліска на месцы расстрэлу патрыётаў, што размешчаны каля адміністрацыйнага будынка мясцовай улады.

Да лунінчан далучылася кіраўнік спраў Бастынскага сельвыканкама Галіна Брадніцкая. Настаяцель Свята-Параскевінскага храма протаіерэй Іаан Пятрэнка адслужыў літыю ў памяць аб загінулых — у іх ліку таксама былі бастынцы: 53-гадовы Лазар Васілевіч Герасімовіч і яго 18-гадовы сын Карней, 32-гадовы Аляксандр Кірылавіч Карпец, 33-гадовы Аляксандр Дзям'янавіч Цяльпук... Разам з нашчадкамі Марыі Бушылы прадстаўнікі грамадскасці ўспаміналі падзеі, якія пачаліся 17 верасня 1939 года.

* * *

Вядома, што пасля вызваленчага паходу Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. 28 кастрычніка на яго першым пасяджэнні ў Беластоку было 14 прадстаўнікоў ад Лунінеччыны, у тым ліку і Марыя Бушыла. У састаў ўпаўнаважанай камісіі былі абраны 65 чалавек. Яны прыбылі ў Маскву, на Надзвычайную V сесію Вярхоўнага Савета СССР, скліканую 31 кастрычніка — 2 лістапада 1939 года.

У кнізе «Лунінец» прыводзіцца выступленне М. С. Бушылы на гэтай сесіі. Стэнаграфічная справаздача ўжо алічбавана і выстаўлена ў інтэрнэце. Сучаснікі самі могуць прачытаць кранальныя ўспаміны пра пакуты жыхароў «крэсаў усходніх» і бязмерную ўдзячнасць прадстаўнікоў уз'яднанага народа кіраўнікам дзяржавы, якія прысутнічалі ў зале.

Вось урывак са згаданага дакумента:

«Бушило М. С. (крестьянка, деревня Бостынь, Лунинецкий уезд).

Товарищи депутаты! Я являюсь депутаткой Западной Белоруссии — Полесья. Я сидела в тюрьме. Сын мой, Иван Лазаревич Бушило, был брошен в муравейник за то, что он, 16-летний мальчик, участвовал в политической жизни, не подчинялся помещикам, сопротивлялся им. Его за это 2 дня терзали, держали в муравейнике, с тем чтобы заставить его уйти от политической жизни. Но мы все это перенесли и перетерпели. (Аплодисменты.) Потом его из этого муравейника взяли и повели на постэрунэк (в полицейский участок) и 2 дня били. Несмотря на большую боль и страдания, он держался. Его осудили на 10 лет тюрьмы. Он просидел в тюрьме 9 лет, и его освободила Красная Армия. (Бурные аплодисменты.) Муж мой, Лазарь Бушило, старик 70 лет, просидел в тюрьме 2 года. Я, его жена, просидела в тюрьме один год. Сын, Павел Лазаревич, осужден был на 1 год, просидел 1 месяц, потом убежал из тюрьмы и 4 месяца жил в лесу. Когда началась война Германии с Польшей, полиция пришла к нам в дом и сказала мне: «Приходи через 2 часа на постэрунэк». Там была у коменданта служанкой беднячка. Она прибежала и сказала: «Не ходи на постэрунэк, будешь сослана, бросай все и уходи, куда глаза глядят». Я оставила своих 5 малых детей и ушла в дремучий лес, где 4 недели питалась зеленой травой, черникой и грибами. В лесу была до тех пор, пока не налетели наши соколы, наши красные орлы, которых послал наш отец — великий Сталин, чтобы разрушить все эти тюрьмы. (Бурные, долго не смолкающие аплодисменты. Все встают. Возгласы: «Ура!»)

Прамова нашай зямлячкі была цалкам апублікавана ў цэнтральнай і рэспубліканскай прэсе. Сесія прыняла закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР. Марыя Сафронаўна і іншыя дэпутаты вярнуліся на Палессе, каб актыўна ўдзельнічаць у будаўніцтве новага жыцця на тэрыторыі, вызваленай ад нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. У сакавіку 1940 года адбыліся дадатковыя выбары і Марыя Бушыла была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

* * *

У свой час у нашай газеце былі апублікаваны ўспаміны адной з яе дачок — цяпер светлай памяці Веры Лазараўны Канапацкай:

«Мама з дзяцінства працавала на шматку ўласнай зямлі, але калі з'яўлялася вольная хвілінка, хапалася за кнігі. Незвычайная таварыскасць і адкрытасць характару, асаблівая разважлівасць і мудрасць, напэўна, і дазволілі яе заўважыць пры вядомых падзеях 1939 года. Мама заўсёды ладзіла са сваімі суседзямі, ніколі нікому не сказала дрэннага слова. Памятаю яе ўласны выраз: «Нікому зла не зрабіла, мяне проста выбралі...»

У савецкай улады было вельмі мала часу на запланаваныя пераўтварэнні. 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія вераломна напала на нашу Радзіму. Як вядома, 10 ліпеня ворагі акупіравалі Лунінецкі раён. І ўжо 22 ліпеня адбылася трагедыя ў Бастыні. І як горка ўсведамляць, што фатальную ролю тут адыгралі памагатыя фашыстаў — мясцовыя жыхары, якія не прымалі «сонца з усходу».
Пра гэта таксама расказвала Вера Лазараўна Канапацкая:

«На календары было 22 ліпеня 1941 года. У той дзень мама пасвіла кароў. Устаўшы вельмі рана, разбудзіла мяне і папярэдзіла, каб я нікому не казала, дзе яна будзе знаходзіцца. Праз некаторы час да нас у хату прыйшлі паліцаі, спрабавалі высветліць, дзе мама. Ад мяне яны нічога не пачулі. Зрабілі вобыск. Што шукалі — невядома...»

12-гадовая дзяўчынка сядзела дома, нічога не ведаючы. Прыйшоў дзед, бацька мамы, узяў за руку і павёў на плошчу. Якое ж самавалоданне трэба было мець і старому, і малой, каб вытрымаць пакаранне самага роднага чалавека! Дачка ўспамінала:

«Немцы загадалі, каб маме завязалі вочы. Яна разумела, што супраціўляцца бескарысна. Папрасіла толькі: «Няхай гэта будзе не ануча, а хустка». Апошні раз у жыцці мама паглядзела на мяне. Ніколі не забуду выраз яе твару... Яе апошнюю волю выканалі. Грымнулі стрэлы... Потым мы налічылі 18 куль у целе мамы».

* * *

Гібель «дэпутаткі» быццам пацягнула за сабой і родных... Знішчэнне дачкі на вачах у бацькі скараціла жыццё і Сафронія Сямёнавіча Качановіча (1857—18.07.1942)... Толькі пасля Вялікай Айчыннай даведаліся, што яшчэ раней не стала сярэдняга сына, Паўла: у савецка-фінскую вайну чырвонаармеец трапіў у палон і загінуў 22-гадовым юнаком — праз чатыры дні пасля смерці маці... Івану, старэйшаму сыну, лёс адмераў 30 гадоў. Ён быў расстраляны фашыстамі ў Бастыні 29 ліпеня 1942 года ў ліку 50 заложнікаў — мірнага насельніцтва... Ахвяра вайны і малодшы сын — Сцяпан (1931—25.09.1942). Муж і бацька, Лазар Фадзеевіч Бушыла, таксама памёр у час акупацыі... Міхаіл (1921—25.03.1950) быў сувязным, затым партызанам атрада «За Радзіму» брыгады імя Кірава Пінскага злучэння. Узброены процітанкавай зброяй, помсціў ворагу за смерць блізкіх. Быў паранены, але дачакаўся вызвалення. Служыў у праваахоўных органах. Рана памёр ад сухотаў... Хіба гэта — не ахвяра вайны?..

Ліхалецце перажылі дзве дачкі. Абедзве сталі жонкамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Юлія Лазараўна Шчурко з Бастыні пераехала ў вёску Вялікія Чучавічы. З мужам выхавалі пяцёра дзяцей, якія ўладкаваліся за межамі малой радзімы. У Веры Лазараўны, жыхаркі станцыі Дзятлавічы, было трое дзяцей. Захавальнікам сямейнай памяці стаў сын, лунінчанін Генадзь Георгіевіч Канапацкі. З жонкай, Валянцінай Сцяпанаўнай, выхоўваюць траіх дзяцей. Болем у сэрцы адклікаюцца ўспаміны мамы... І ўслед за папярэднім пакаленнем яны гавораць, што можна пераадолець любыя цяжкасці, — толькі б не было вайны, толькі б захаваўся мір на беларускай зямлі.

* * *

22 ліпеня — сумная дата для гісторыі нашага краю, для роду нашчадкаў Марыі Сафронаўны Бушылы...

Але 22 ліпеня 2016 года ў Канапацкіх нарадзілася першая ўнучка! Быццам па біблейскай ісціне, што «Бог смутак у радасць ператварае», гэты дзень у сям'і стаў святам. Глыбока сімвалічная падзея — не толькі таму, што дзяўчынцы Аляксандры такім чынам перададзена духоўная памяць аб прапрабабулі-патрыётцы...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Два колеры 22 ліпеня

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.