Вы тут

Філасофія выжывання. Чаму можа навучыць чай з крапівы


Тэлефаную сяброўцы ў Берлін. Не бачыліся з-за ўсіх абмежаванняў ужо амаль тры гады, невядома калі пабачымся наступны раз. Добра, што ёсць інтэрнэт і месенджары, па якіх можна звязацца. Вось так проста — ідзеш сабе ўвечары з Каменнай горкі на Сухарава і размаўляеш з чалавекам у кватэры на Шылерпраменадэ. «Як вы там, пасылку з прадуктамі збіраць не трэба?» — пытаюся ці то жартам, ці то ўсур'ёз. Не, адказвае, пакуль не трэба. На вялікую сям'ю купляе заўсёды ў запас, таму тыя самыя запасы алею ды цукру яшчэ ёсць. Да таго ж, жывуць у турэцкім раёне, там шмат крам, уладальнікі якіх завозяць прадукты наўпрост з гістарычнай радзімы. Так, прадукты і астатнія тавары даражэюць, але яны гэтаму як мінімум не здзіўляюцца, бо ўсё да гэтага ішло яшчэ з часоў лакдаўну. Як думаюць выжываць далей? «Вось вырашылі, што трэба ачысціць падвал і купіць дзе-небудзь дроў. Пры любым раскладзе яны, хутчэй за ўсё, спатрэбяцца...» У іхняй кватэры ацяпленне газавае, але дом стары, там у адным пакоі ёсць абкладзеная кафляй спраўная печка. Калі што, будуць усёй сям'ёй грэцца там...


Мы наўмысна не гаворым пра палітыку, пра тое, чаму так адбылося, што дзве самадастатковыя жанчыны ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы абмякоўваюць не сям'ю, касметыку або адпачынак, а цэны на алей і тое, дзе дастаць дровы. Мы жывём у зусім розных інфармацыйных плынях, і пасварыцца на роўным месцы з-за той ці іншай падзеі ці заявы — справа адной хвіліны. Мы абедзве дакладна гэта ведаем на прыкладзе многіх агульных знаёмых: калі найлепшыя сябры сталі ворагамі, калі дзеці сышлі з дому і спынілі ўсялякія зносіны з бацькамі з-за розных поглядаў на палітыку. Таму мы лепш пра гэта: «Памятаеш, як на другім курсе бегалі па Мінску ў пошуках хоць чаго-небудзь, купілі, выстаяўшы вялізную чаргу, два пачкі тварагу?» І мы ўжо са смехам згадваем, як меркавалі наляпіць з таго тварагу сырнікаў (каб больш было), паклалі яго ў імправізаваны халадзільнік пад акном у інтэрнацкім пакоі, а трэцяя наша сяброўка прыйшла галодная і, пакуль мы спалі, увесь гэты запас з'ела...

А яшчэ мы абедзве і сёння памятаем смак крапіўнага «чаю» — сапраўдны чай быў у 91-м раскошай нават у сталіцы, у аптэках усю сушаную траву, якая больш-менш падыходзіла да заваркі, таксама раскупілі. І мы куплялі там спрасаваныя брыкеты сухой крапівы і заварвалі яе як чай. Упрыкуску з чорным хлебам, намазаным маргарынам (масла таксама не было), гэта вечна галодным студэнтам здавалася такой смакатой! А яшчэ мы адзін на траіх куплялі такі модны заморскі «Снікерс», рэзалі яго на кавалачкі і елі павольна, каб расцягнуць задавальненне. А інфляцыя была такая, што ў пачатку месяца за стыпендыю можна было купіць дзесяць долараў, а пад канец за яе ж не набіралася і пяці, і таму мы, атрымаўшы тыя нешматлікія «зайчыкі,» беглі хутчэй да абменніка, стаялі ў чарзе, каб памяняць іх на «баксы», якія цягам месяца пакрысе мянялі назад па іншым курсе і так неяк дацягвалі да наступнай стыпендыі, атрымаўшы якую зноў беглі ў чаргу да абменніка...

Для нас, сямнаццаці-васямнаццацігадовых, гэта было не вельмі важна, бо, як і ўсе ў гэтым узросце, былі больш занятыя сабой — каханнем, вучобай, пошукам працы (ніхто не гарантаваў яе пасля заканчэння вучобы)... А для нашых бацькоў і людзей за нас зусім не нашмат старэйшых, у каго былі малыя дзеткі і не было «падушкі бяспекі» ў выглядзе гаспадаркі ў вёсцы, тыя часы былі сапраўдным выпрабаваннем. Гэта пачынаеш разумець, калі сам становішся дарослым і маеш сваю сям'ю, як і тое, чаму нашы старэйшыя ў большасці сваёй такія «кансерватары», так баяцца страціць тое, што маюць сёння. З гадамі і сам становішся такім кансерватарам, бо чай з крапівы — гэта «прыкольна», калі табе васямнаццаць, а калі табе сорак восем — зусім наадварот, і каштаваць яго зноў не хочацца...

Дайшоўшы да дома, не заходзячы ў пад'езд, каб не перарвалася сувязь, я стаяла пад дробным, зусім не вясновым халодным дажджом, і мы гаварылі, гаварылі... Пра тое, як цяжка патлумачыць усё гэта сённяшнім трыццаціпяцігадовым і малодшым, якія выраслі і прыйшлі ў дарослае жыццё ў зусім іншых, падобных на цяплічныя, умовах. Магчыма, каб яны штосьці зразумелі — больш важнае, чым тое, пра што пішуць у сацыяльных сетках, ім патрэбна перажыць падобнае. Але ж так не хочацца гэтага, бо мы ж усе жадаем, каб нашы дзеці жылі лепш, чым мы, праўда?.. А яны, маладыя, не разумеючы гэтага, не спрабуючы нават разумець, ляпнуўшы дзвярыма, сыходзяць з дому, бо бацька або маці не пагадзіліся з тым, што напісана ў сацыяльных сетках, выказалі сваё, уласнае меркаванне. І лічаць, што, ляпнуўшы і сышоўшы, яны зрабілі правільна, і пераканаць у адваротным іх вельмі цяжка, хіба што само жыццё ўсё расставіць на свае месцы... Як ім патлумачыць, што нашмат хутчэй, чым глабальны, можа здарыцца канец свету асабісты, і тады ўсё астатняе, пра што так заўзята і смачна пішуць сацыяльныя сеткі, зусім перастане быць важным? Што выжыве (ва ўсіх сэнсах) у гэтай мітусні толькі спакойны чалавек, які аб'ектыўна, сваімі мазгамі, ацэньвае сітуацыю і здолеў захаваць нармальныя адносіны з уласнай сям'ёй і блізкімі людзьмі...

«...А ўсё астатняе мы перажывём, праўда?» — «Праўда». — «Дык, кажаш, пасылку пакуль не збіраць?» — «Не, пакуль не трэба...» Халодны дождж сціх, сіноптыкі назаўтра абяцалі пацяпленне. Вясна, як і ўсё, чаму належыць абавязкова прыйсці, абавязкова прыйдзе.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.