Вы тут

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму


Наша садаводчае таварыства мяняецца. Уладальнікі лецішчаў усё маладзейшыя: гэта альбо спадчыннікі першых гаспадароў, альбо наогул новыя людзі ў СТ. Хтосьці ладзіць вялікую рэканструкцыю, іншыя робяць касметычны рамонт, адны ператвараюць агарод у газон, а іншыя наадварот, парадкуюць градкі. І калі я думаю аб тым, засыпаць ці неяк закансерваваць склеп, то мае новыя суседзі цікавяцца, як прывесці ў парадак падземнае збудаванне, каб захоўваць ураджай. Вось таму мы і зазірнулі да нашых суседзяў — дасведчаных дачнікаў.


Склеп: дзе і як збудаваны

У Міхася Пятровіча, будаўніка на пенсіі, домік даволі сціплы па памерах, затое маюцца два паземныя паверхі: на верхнім — більярдная (як толькі зацягнулі туды?), на ніжнім — склеп. Памяшканне плошчай метраў 16 з земляной падлогай і пабеленымі сценамі. Дзве калоны падпіраюць столь. Традыцыйны адсек для бульбы і шмат стэлажоў з пакуль пустымі пластмасавымі і драўлянымі скрынямі. Саленні-варэнні стаяць упрытык на паліцах. Заўважана варэнне 2020 года нараджэння, але ўжо поўна слоікаў з лічбай 2022.

— Спачатку будуецца склеп, потым — дом, — тлумачыў Міхаіл Пятровіч. — Хоць ёсць такія ўнікумы, якія капаюць і пад гатовым домам невялічкі склепік.

— А як гэта на склеп не правальваецца дом?

— Дык арматура спецыяльная выкарыстоўваецца, бэлькі. Мансарда таксама не абвальваецца на дом. Тэхналогію трэба ведаць. Звярніце ўвагу: дзве трубы на розным узроўні ў процілеглых сценах. Што гэта, як думаеце?

— Мусіць, вентыляцыя, — дружна адказваем.

— Правільна. Абавязкова павінна быць прытокава-выцяжная.

Падвал суседзяў Таццяны і Андрэя нас не вельмі ўразіў. Яны абсталявалі яго, пашырыўшы яму ў гаражы для аўтамабіля. А гараж — у цокальным паверсе дома. У прынцыпе, усё акуратна ў іх уладкавана, але хутчэй за ўсё, морква і буракі прапахнуць запчасткамі ад аўтамабіля, бензінам.

Наталля Васілеўна на нашай вуліцы лічыцца самай запаслівай гаспадыняй. Пагаласіўшы: «Ой, ну што ж вы ўбачыце ў маім склепе, я яшчэ нічога нарыхтаваць не паспела», дачніца спусцілася ў свой «бункер», лаз у які абсталяваны ў кухні — гэта камандны пункт, як жартуе яе муж Анатоль Міхайлавіч. Дык вось, склеп суседзяў мае плошчу метраў 12. Пад столлю — драўляныя бэлькі, усё гэта крыху падобна на сярэднявечны замак. Бракуе гакаў, на якія можна было б падвешваць шынкі і каўбасы. На сцяне вісяць шафкі са старога кухоннага гарнітура. А ў іх — запасы бакалеі і кансерваў, якіх хопіць на ўвесь дачны сезон, а то і больш.

Варэнне, узвары і марынады тут заўважаны яшчэ з леташняга ўраджаю, кожны слоічак падпісаны: што ў ім і год вырабу.

У скрынях для захоўвання морквы і буракоў ужо прыгатаваны чысты і сухі пясок.

У Раісы Сяргееўны склеп таксама немаленькі, размешчаны ў цокальным паверсе дома. У яго можна трапіць з веранды па прыгожай лесвіцы. «Мы ўжо даўно не возім дачную бульбу ў горад, вырошчваем роўна на летні сезон. Гадоў пятнаццаць таму я закручвала слоікаў сто розных загатовак, потым палову з іх раздавала. Цяпер — нічога лішняга, — расказвае
жанчына. — Падвал будзем ператвараць у санвузел. Ужо запрашалі спецыялістаў, яны робяць праект, кажуць, вельмі зручна, што склеп у цокалі».

Без процівагаза насякомых не перамагчы

Пабудаваць склеп — справа няхай і працаёмкая, але аднаразовая. А вось потым пачынаюцца вялікія клопаты. Склеп трэба кожны год чысціць, дэзынфіцыраваць, праветрываць.

Калі паліцы склепа апусцеюць, а сонца прыпячэ, дасведчаныя дачнікі выцягваюць з падполля на святло ўсе дошкі-стэлажы. Іх мыюць мыльным растворам, кажуць, лепш за гаспадарчае мыла нічога не прыдумалі. Потым добра прасушваюць.

І гэта, аказваецца, самая простая работа.

Затым трэба пачысціць сцены і прадэзынфіцыраваць іх. Дачная рада сышлася на думцы, што дэзінфекцыю можна сумясціць з пабелкай. Дадаць у вапнавы
раствор меднага купарвасу і пабяліць сцены. Прапорцыі пазначаны на ўпакоўцы гэтых хімікатаў.

«Сярэднявечную» столь Наталля Васілеўна і Анатоль Міхайлавіч апрацоўваюць міксам жалезнага і меднага купарвасу. Гэтым жа растворам паліваюць земляную падлогу. Дарэчы, яны вельмі незадаволеныя, што лаз у склеп абсталяваны ў кухні — праветрываць вельмі нязручна.

Калі яны задумалі аперацыю па знішчэнні нейкіх дробных казюрак, то, прыехаўшы праз некалькі дзён на лецішча, у дом забягалі, надзеўшы маскі.

А казюрак знішчалі парамі вапны. Сутнасць аперацыі: вапну заліць вадой і пакінуць у склепе, шчыльна зачыніўшы яго. Праўда, дэзынфектару трэба надзець рэспіратар і ў любым выпадку ў склепе не затрымлівацца. Суседзі заклеілі люк ліпкай стужкай і паехалі дадому. Праз некалькі дзён прыехалі, прыбралі ёмістасць з вапнай, адкрылі склеп і дом для праветрывання.

Як захаваць ураджай

Ганна Іванаўна, жонка Міхаіла Пятровіча, не разумее «гэтай вясковасці» — захоўваць сплеценую ў касу цыбулю ў гарадской кватэры. Яна трымае яе у склепе, папярэдне склаўшы цыбулю ў агароднінныя сеткі, для падвешвання якіх ёсць спецыяльныя кручкі.

Наталля Васілеўна падзялілася сакрэтам захоўвання часнаку. Мала таго, што суседзі бяруць у яе майстар-клас па марынаванні гэтага прадукту, дык і свежы яна навучыла захоўваць да новага ўраджаю: скласці ў літровыя слоікі і перасыпаць мукой. А вось Ганна Іванаўна часнок захоўвае ў тых жа сетках, толькі папярэдне абпальвае карані запалкай.

Моркву ўсе захоўваюць аднолькава: у скрыні з пяском. А вось з буракамі да агульнага пункту гледжання прыйсці не атрымалася: адны іх захоўваюць разам з бульбай, іншыя — у пяску, трэція — проста ў скрыні.

Капусту (познія сарты) лепш за ўсё падвесіць у склепе за ножкі з карэннем. Гарбузы і кабачкі на стэлажах захоўваюцца да новага года. Яблыкі пажадана перасыпаць стружкай. А вось Наталля Васілеўна захоўвае антонаўкі, абгарнуўшы кожны яблык газетай.

Ганна Іванаўна з пятрушкі, кропу і морквы рыхтуе запраўкі для супу. Зяленіва дробна рэжа, моркву здрабняе кухонным камбайнам. Усё змешвае, шчодра соліць. Шчыльна складвае ў сухія стэрылізаваныя слоікі, закрывае поліэтыленавымі вечкамі і захоўвае ў склепе. Сучасная сокавыціскалка дазваляе ёй рабіць запасы хатняга яблычнага соку.

А ў нас на лецішчы захоўваецца сокавыціскалка «Садовая» яшчэ савецкай вытворчасці і цалкам апраўдвае знак якасці. Прычым і суседзі часам просяць пакарыстацца рарытэтам.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.