Вы тут

Як функцыянуе будаўнічая галіна і якія змяненні закрануць адзіную дзяржаўную сістэму рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў


На чарговым пасяджэнні 11 сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання перад парламентарыямі выступіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан ПАРХАМОВІЧ. У сваім дакладзе кіраўнік ведамства далажыў аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця будаўнічага комплексу краіны, якія прадпрымаюцца. 


Поспехі і праблемы будаўнічай сферы

Як адзначыў Руслан Пархамовіч, будаўнічы комплекс Рэспублікі Беларусь адносіцца да ліку галін, якія ўдзельнічаюць у вырашэнні сацыяльных і эканамічных задач развіцця краіны. «Фарміраванне аб’ёмных параметраў будаўніцтва напрамую залежыць ад ступені інвестыцыйнай актыўнасці, — заўважыў ён. — Для яе падтрымання ў бягучым годзе быў прыняты шэраг рашэнняў, якія забяспечваюць дадатковыя крыніцы фінансавання будаўніцтва на агульную суму больш як 3,5 млрд. рублёў, што дазволіла загрузіць вытворчы патэнцыял галіны, які ёсць, адпаведна павялічыўшы аб’ёмныя і якасныя параметры будаўнічых арганізацый».

Па словах кіраўніка ведамства, паляпшэнню фінансавага стану будаўнічых арганізацый садзейнічае работа па ўдасканаленні цэнаўтварэння ў будаўніцтве. Прыняты шэраг нарматыўных актаў, нормы якіх накіраваны на больш карэктнае і аб’ектыўнае фарміраванне каштарыснага кошту будаўніцтва аб’екта. «Для забеспячэння дакладнасці цэн на матэрыялы, якія ўключаны ў каштарыс, устаноўлена забарона на выкарыстанне праектнымі арганізацыямі даных самастойнага маніторынгу цэн на матэрыяльныя рэсурсы, — дадаў Руслан Пархамовіч. — З мэтай падтрымання стабільнага эканамічнага становішча і захавання плацежаздольнасці арганізацый ажыццяўляецца рэгуляванне цэн на будаўнічыя матэрыялы шляхам устанаўлення гранічных нарматываў рэнтабельнасці. Акрамя ўтрымання сваіх пазіцый на ўнутраным рынку, працягваецца актыўная работа па аказанні будаўнічых паслуг за мяжой».

Будаўнічая сфера развіваецца, але ёсць і праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА звярнула ўвагу на даступнасць жылля. Яна нагадала аб патрабаванні, пастаўленым кіраўніком дзяржавы, — цана на квадратны метр павінна быць роўная сярэдняму заробку. Аднак не ўсе забудоўшчыкі прытрымліваюцца гэтага. 

Сутыкнулася галіна і з кадравым дэфіцытам рабочых будаўнічых спецыялістаў. «З мэтай замацавання ў будаўнічых арганізацыях кваліфікаваных кадраў і недапушчэння іх адтоку прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на павышэнне ўзроўню заработнай платы, — заўважыў міністр. — У выніку заработная плата ў будаўніцтве за восем месяцаў бягучага года склала 1960 рублёў і перавысіла сярэднерэспубліканскі ўзровень практычна на 7%».

Кажучы аб дэфіцыце кадраў у будаўнічай галіне, Наталля Качанава выказала думку, што толькі павышэннем заробку гэтае пытанне не вырашыць. Па яе меркаванні, будаўнікі павінны быць забяспечаны ўласным жыллём. Акрамя таго, спікер верхняй палаты парламента звярнула ўвагу на прафарыентацыю выпускнікоў школ. Па яе словах, замацаванне кадраў у будаўнічай галіне патрабуе асаблівай увагі — сур’ёзныя прапановы варта ўносіць на заканадаўчым узроўні. «Важна, каб будаўнікі хацелі працаваць у будаўнічай галіне, а, не атрымаўшы адукацыю, сыходзілі ў іншыя кірункі дзейнасці», — рэзюмавала Наталля Качанава. 

Правапарушэнні — у адзінай сістэме

Падчас пасяджэння члены Савета Рэспублікі прынялі законапраекты «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў», «Аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя», «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб каранціне і абароне раслін».

Новаўвядзенні, звязаныя з адзінай дзяржаўнай сістэмай рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў, прадставіў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ. Ëн расказаў, што праектам прадугледжваецца дапаўненне пераліку звестак, якія падлягаюць рэгістрацыі і ўліку ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях, інфармацыяй аб пастановах суда касацыйнай інстанцыі. «Замацавана права суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, запытваць звесткі аб правапарушэннях пры рэалізацыі норм заканадаўства аб выбарах, — дадаў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — З мэтай паляпшэння становішча грамадзян, адміністрацыйныя спагнанні якімі выкананы, у праекце закона вызначана, што тэрмін захоўвання звестак аб адміністрацыйных правапарушэннях пасля выканання асноўнага і дадатковага адміністрацыйных спагнанняў складае тры гады і не можа перавышаць дзесяць гадоў з дня накладання адміністрацыйнага спагнання».

Акрамя таго, праектам прадугледжана выдаленне з адзінага дзяржаўнага банка гэтых звестак пасля вынясення пастановы аб адмене пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні і спыненні справы, якая ўступіла ў законную сілу. Мяняецца парадак прадастаўлення фізічным асобам звестак аб правапарушэннях у частцы спрашчэння працэдуры падачы заявы аб прадастаўленні выпіскі з адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях.

«Згодна з дзеючымі нормамі, упаўнаважаным органам і арганізацыям прадастаўляюцца звесткі аб прыцягненні асоб да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці, — паведаміў Іван Кубракоў. — Разам з тым шэраг заканадаўчых актаў прадугледжвае неабходнасць атрымання большага аб’ёму звестак у адносінах да грамадзян. У сувязі з гэтым уносяцца змяненні аб прадастаўленні ва ўстаноўленых выпадках звестак аб учыненні асобамі дзеянняў, за якія яны не былі прыцягнуты да адказнасці па так званых нерэабілітуючых падставах».

Па словах міністра, прыняцце законапраекта дазволіць забяспечыць узгодненасць норм Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў» з палажэннямі іншых заканадаўчых актаў, паўнату ўліку правапарушэнняў, удасканаліць парадак захоўвання і прадастаўлення звестак аб правапарушэннях. Пры гэтым новаўвядзенні не патрабуюць выдзялення дадатковых бюджэтных сродкаў, звязаных з іх рэалізацыяй.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.