Вы тут

Збіральнікі і паляўнічыя. Што і навошта калекцыяніруюць людзі?


Далёка не ўсе разумеюць, што прымушае людзей збіраць калекцыі і ў чым тут цікавасць і азарт. Мы вырашылі паразмаўляць з калекцыянерамі, каб даведацца, што яны збіраюць і навошта.


Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання ГА «Беларускі саюз філатэлістаў» Леанід Турын

Гэтымі днямі Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне калекцыянераў правяло ў сталіцы дзясяты злёт, які сабраў уладальнікаў самых розных калекцый з усёй краіны. Былі і госці з-за мяжы.

— Наша аб’яднанне калекцыянераў падтрымлівае і развівае цікавасць у шырокіх пластоў насельніцтва да захавання гістарычнай спадчыны Беларусі і сусветнай культуры, — распавядае старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Барыс Васільеў. — Мы яднаем энтузіястаў-збіральнікаў прадметаў побыту, гісторыі і мастацтва.

Філатэлісты, нумізматы, фалерысты…

Першае аб’яднанне калекцыянераў з’явілася ў Беларусі ў далёкім 1958 годзе, расказвае Барыс Анатольевіч. Да 1979 года яно аб’ядноўвала ў асноўным філатэлістаў — людзей, якія калекцыяніруюць маркі. А ў 1980-м утварылася Мінскае рэгіянальнае аб’яднанне калекцыянераў, якое ў далейшым і пераўтварылася ў Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне калекцыянераў. Калі гаворка ідзе пра прыватныя калекцыі, хутчэй за ўсё, у не спецыяліста ўзнікаюць асацыяцыі з палотнамі знакамітых жывапісцаў коштам у мільярды долараў. Ну, або з калекцыяй марак з уласнага дзяцінства. Насамрэч, разнавіднасцяў кірункаў калекцыянавання існуюць дзясяткі. Філатэлісты збіраюць маркі і паштовыя адпраўленні, нумізматы — грашовыя знакі (манеты і «папяровыя» грошы), філакартысты — паштовыя карткі і паштоўкі, фалерысты — медалі і значкі, прасафілісты — уявіце сабе, прасы. Апошніх не варта блытаць з прэсафілістамі: амаль цёзкі калекцыяніруюць старыя газеты і часопісы. Самыя экзатычныя напрамкі калекцыяніравання — напрыклад, цэгла (так, цагліны таксама могуць стаць асновай найцікавай калекцыі). Або фігуркі анёлаў. Або статуэткі катоў... У Мінску ёсць жанчына, у калекцыі якой больш за 5 тысяч фігурак катоў, а ў Барысаве яшчэ адна дама-калекцыянер сабрала ўнікальную калекцыю з больш як 3000 лялек, у кожнай з якіх свая гісторыя (прычым некаторыя экзэмпляры нашмат старэйшыя за сваю цяперашнюю гаспадыню).

— Калі чалавек уступае ў нашае аб’яднанне, мы даем яму памятку, — кажа Барыс Анатольевіч. — У ёй указаны 88 напрамкаў калекцыяніравання. Але звычайна інтарэсы калекцыянераў ляжаць не ў адным, а ў некалькіх кірунках — такіх мы аб’ядноўваем у секцыю поліфілістаў, і іх у нас каля паловы.

На сёння, расказвае суразмоўнік, аб’яднанне налічвае каля 600 чалавек. Але гэта не адзіная супольнасць калекцыянераў у краіне. Напрыклад, ёсць клуб калекцыянераў «Юнона» ў Гомелі, ёсць ГА «Беларускі саюз філатэлістаў», ёсць буйны нумізматычны клуб «Скарбонка» ў Гродне і г. д. А больш за ўсё калекцыянераў пражывае ў Брэсце — там у рэспубліканскага аб’яднання вялікая абласная секцыя.

Рэгіянальныя злёты аб’яднанне праводзіць штогод, але рэспубліканскія ў сталіцы і з гасцямі з-за мяжы — раз на пяцігодку. Так што нам пашанцавала. Тым больш, што сёлета ў калекцыянераў аншлаг.

— Не ўсім ахвотным хапіла сталоў для іх калекцый, — кажа старшыня праўлення БелРГАК. — Шчыра кажучы, не чакалі такога наплыву ўдзельнікаў — з усіх рэгіёнаў краіны, плюс замежныя госці, у тым ліку калекцыянеры з Масквы, Смаленска.

Асаблівы свет

Што прымушае людзей збіраць што б там ні было? Знаходзіць свой час, сілы і фінансы на папаўненне калекцыі?

— Тут сукупнасць прычын, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Пачынаецца ўсё з таго, што нейкі прадмет чалавеку проста падабаецца. Але потым, калі казаць аб сур’ёзных калекцыях, прыходзіць этап удумлівай гістарычнай працы. Усіх нас, калекцыянераў, аб’ядноўвае любоў да гісторыі ў спалучэнні з уменнем бачыць і адчуваць прыгажосць. Над стварэннем марак, манет, медалёў і ордэнаў заўсёды працуюць спецыялісты, там свае законы, свая графіка, свая прыгажосць... Адна з нашых задач — паказаць гэтую прыгажосць людзям, навучыць іх заўважаць і разумець яе. То-бок, зрабіць калекцыю камунікатыўнай. Зацікавіўшыся, калекцыянер пачынае вывучаць гістарычныя матэрыялы, працаваць у бібліятэках і архівах, бо сістэматызацыя калекцыі — вялізная праца. А нядаўна ў нас быў такі выпадак: калекцыянер з Брэста набыў медаль і, вывучаючы яго гісторыю, знайшоў чалавека ў Кыргызстане, які быў узнагароджаны гэтым медалём. Праз пасольства мы перадалі гэты медаль ягоным сваякам…

«Які ж музей без нездаровага інтарэсу? Здаровы інтарэс бывае толькі да вяндліны», пісаў Сяргей Даўлатаў. Сапраўды, калекцыяніраванне — свайго кшталту «хвароба», усміхаючыся, пацвярджае суразмоўца. І сапраўды, часта прыватныя калекцыі людзі перадаюць у музеі.

— Як любое сур’ёзнае хобі, гэта зацягвае, гэта асаблівы свет. Калі трымаеш у руках рэч, якой 200–300 гадоў, далучаешся да гісторыі. Магу дакладна сказаць: у старажытных прадметаў ёсць душа, асаблівая аўра, якую можна адчуць. Любы прадмет з калекцыі захоўвае ў сабе пэўныя эмоцыі. І гэта прыносіць радасць.

Нумізматыка — адзін з напрамкаў стварэння прыватных калекцый

Калекцыяніраванне — хобі інтэлектуалаў. Многія знакамітыя навукоўцы былі схільныя да гэтага захаплення. І многія музейныя калекцыі некалі пачаліся менавіта з калекцый прыватных. Гэтую традыцыю беларускія калекцыянеры працягваюць.

— Мы такія акцыі праводзім рэгулярна: перадаем у розныя музеі Беларусі экспанаты ад брэсцкіх калекцыянераў, — кажа старшыня Брэсцкай рэгіянальнай секцыі калекцыянераў БелРГАК Сяргей Валяеў.

— І менавіта прыватная калекцыя паклала пачатак вельмі цікаваму музею прыватнага калекцыяніравання ў Віцебску, — дадае Барыс Васільеў. — Свежы прыклад: літаральна днямі мы ўзнагародзілі нашага самага тытулаванага на сёння калекцыянера, Арлова Аляксандра Пятровіча, які больш за 65 гадоў збіраў рэдкія манеты. Сваю калекцыю ён падарыў у Дзень горада Музею гісторыі Мінска. Сёння яна экспануецца ў ратушы. А ў цэлым цяпер па ўсёй Беларусі экспануем каля 10 калекцый нашага аб’яднання.

Аб кошце і каштоўнасці

Адкуль калекцыянер бярэ рэдкія экземпляры патрэбных яму, часам дзіўных (як, скажам, старадаўнія праязныя білеты) рэчаў, якія не загінулі ў бурным моры гісторыі? Бо ні ў адной краме такога не купіш…

— Інтэрнэт-рэсурсы, аўкцыёны — іншага шляху няма, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Гэта і Поле цудаў так званае, дзе нешта можна знайсці. Хоць усё залежыць ад прадмета калекцыянавання — дарагія рэдкія манеты, напрыклад, на барахолцы прадаваць ніхто не будзе.

Кожны калекцыянер адкрывае крыніцы папаўнення калекцый для сябе сам. Працуе ў бібліятэках і архівах, каб разумець, якія рэчы ўяўляюць гістарычны інтарэс, а якія — не. Мае зносіны з калекцыянерамі ў нашай краіне і па ўсім свеце.

Ну, а можа проста пашанцаваць. Напрыклад, калекцыянер з Мінска Андрэй Пелы расказвае, як яму дасталіся некалькі газет часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія выпускаліся ў партызанскіх атрадах.

— У кожным раёне быў свой падпольны райкам партыі, і кожны выпускаў газету. Тыражы такіх газет былі вельмі маленькімі. І вось у нашы дні людзі разбіралі старую хату і на гарышчы знайшлі пачак такіх газет. Так бывае.

Каштаваць калекцыі могуць па-рознаму: ад ста рублёў да сотняў тысяч долараў. Ну, а для кожнага калекцыянера яго калекцыя — каштоўная і неацэнная.

Паштоўкі, канверты і маркі могуць «расказаць» нямала гісторый

— Камусьці ўсё гэта каштоўна, а для кагосьці нічога не варта. Напрыклад, старымі газетамі або плакатамі людзі, не паглядзеўшы і не разабраўшыся, могуць і печку распаліць, на жаль, — кажа Андрэй.

Ну, а калі казаць аб аб’ектыўным кошце такіх экспанатаў, то каштоўнасць манеты, напрыклад, залежыць ад тыражу — чым ён быў менш, тым больш рэдкай з’яўляецца рэч. Брак або памылка друку на манеце ці «паперцы» павышае каштоўнасць экспаната, распавядае Сяргей Валяеў (яго сфера інтарэсаў — якраз нумізматыка).

Або вось вам задачка: у Савецкім Саюзе некалі была выпушчана серыя паштовых марак наміналам 1 капейка, 2, 4, 10 і 20 капеек. Якая з іх будзе самай рэдкай і найбольш каштоўнай для філатэліста?

— Самай рэдкай з марак у дадзеным выпадку будзе тая, што за 4 капейкі, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Чатыры капейкі — гэта быў тарыф на адпраўленне ліста, гэтыя маркі клеіліся на канверты і знікалі разам з імі, выкідваліся. Таму сёння іх захавалася мала. А маркі па 20 капеек засталіся на руках.

Чым менш захавалася марак, тым вышэйшы іх кошт — часам ён можа даходзіць да тысяч даляраў у эквіваленце. І перш чым быць прададзенай або набытай, такая марка праходзіць экспертызу — бо трэба ж быць упэўненым, што рэч сапраўдная. З дапамогай мікраскопаў і спецыяльных прыбораў ацэньваецца колькасць зубцоў, якасць паперы, іншыя параметры.

Адбітак у душы

Калекцыя ўяўляе цікавасць, калі праз прадметы глыбока раскрываецца нейкая тэма, кажуць калекцыянеры.

— Напрыклад, калі я пачуў пра калекцыю праязных білетаў, адразу падумаў, што гэта не надта цікава, — распавядае Барыс Васільеў. — Але потым, пазнаёміўшыся з пытаннем і паглядзеўшы відэа гэтага калекцыянера на Ютуб, зацікавіўся. Унікальная калекцыя, сабраная ім, расказвае гісторыю развіцця грамадскага транспарту. Ён валодае найцікавымі гістарычнымі звесткамі, а яго калекцыі пазайздросціць любы музей транспарту. Уласна, яго калекцыя — гэта ўжо гатовая музейная экспазіцыя.

Прыклад сур’ёзнай гістарычнай працы — калекцыя марак старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання ГА «Беларускі саюз філатэлістаў» Леаніда Турына, прысвечаная бітве пад Масквой у 1941 годзе.

— Калекцыя заўсёды патрабуе вялікай працы, — распавядае ён. — Некаторыя з калекцыянераў нават абараняюць дысертацыі па гісторыі на аснове сваіх калекцый.

У калекцыі Леаніда Рыгоравіча, якую ён прывёз на злёт, каб зрабіць тэматычную выставу — напрыклад, канверт з выявай Жукава, выпушчаны яшчэ пры жыцці Маршала Перамогі, а таксама картмаксімум «Парад на Краснай плошчы 7 лістапада 1941 года» — рэдкая рэч музейнай каштоўнасці. І ўнікальная марка з выявай станцыі метро Маякоўская, дзе ў 1941 годзе праходзіла ўрачыстае пасяджэнне ўрада перад 7 лістапада.

— А гэты раздзел калекцыі прысвечаны Рыхарду Зорге, — кажа Леанід Рыгоравіч. — Калі спытаць сто сучасных падлеткаў, хто гэта такі, адкажуць, думаю, чалавекі два ці тры. Між тым, дзякуючы яму 16 дывізій з Далёкага Усходу былі перакінутыя пад Маскву ў 1941 годзе, і, можа, менавіта гэты крок шмат у чым вызначыў перамогу савецкіх войскаў. Аб Зорзе ўспомнілі толькі ў 1965 годзе, і тады выйшла марка, прысвечаная яму. Вось яна. А гэта — блок (гэта значыць, вялікая марка), які быў выпушчана ў ГДР.

Суразмоўца кажа, што праз філатэлію можна далучаць моладзь да больш глыбокага вывучэння гісторыі сваёй краіны.

— У канцы верасня дзякуючы садзейнічанню РУП «Белпошта» мы правялі ў Брэсце юнацкую выставу «Юніфіл-2023», — распавядае ён. — Многія дзеці збіраюць маркі, трэба іх проста арганізаваць. Было ўрачыстае адкрыццё з удзелам міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, быў мэр горада і прадстаўнікі аблвыканкама, былі замежныя госці — з Расіі, Арменіі. Госці былі вельмі ўражаныя ўзроўнем арганізацыі мерапрыемства — за гэта дзякуй, вядома, «Белпошце».

Леанід Турын адзначае, што сярод калекцый моладзі ён вылучыў бы сабраную студэнткай каледжа Ганнай Баюра (яна працавала над ёй разам з дзядулем). Калекцыя картак, канвертаў, значкоў і медалёў прысвечана Брэсцкай крэпасці. Як чалавек выбірае тэму для сваёй калекцыі? Нешта з прачытанага або ўбачанага на экране пакінула адбітак у душы. Або нешта проста адгукаецца радасцю ў сэрцы. Самая юная ўдзельніца Х злёту калекцыянераў Беларусі, Варвара Міхасёнак, прывезла з Маладзечна частку сваёй калекцыі фігурак коней. Кажа, захапілася верхавой яздой — і адначасова пачала збіраць такія фігуркі. Цяпер у яе іх каля 60, і калекцыя будзе расці.

— Як наведвальнікі і сур’ёзныя калекцыянеры ставяцца да тваёй калекцыі?

— Па-рознаму. У кагосьці яна выклікае здзіўленне, нехта абыякава праходзіць міма. Я не крыўдую, стаўлюся па-філасофску. Хтосьці нават супраць такой несур’ёзнай калекцыі: кажа, не траць на гэта грошы, купі лепш што-небудзь патрэбнае. Але большасць мяне разумеюць. Бо калі я прадам або вырашу падараваць некаму фігуркі з сваёй калекцыі коней, я буду сумаваць. Не магу з імі развітацца!

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.