Вы тут

Як засцерагчы аўто ад пажару?


За мінулы год аўтамабілі ў краіне гарэлі 388 разоў. На долю парушэнняў правілаў эксплуатацыі прыпалі 143 выпадкі. Часцей за ўсё прычынай пажараў станавілася кароткае замыканне. Радзей — заводскі брак і няспраўнасць паліўнай сістэмы.


— Замыканне ўзнікае з-за перагрузкі, зносу ізаляцыі ці ўвогуле яе адсутнасці, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Таксама вадзіцелі мяняюць арыгінальныя сертыфікаваныя засцерагальнікі на самаробныя. У месцах злучэнняў утвараюцца няякасныя кантакты. Радзей пажары здараюцца з прычыны няправільнага падключэння клем акумулятара.

Цікава, што з-за праблем з праводкай аўтамабілі часцей за ўсё гараць увосень і ўвесну. Ролю дадатковага правакуючага фактару адыгрывае карозія металу.

6 хвілін паміж замыканнем і пажарам

— Не рэкамендуецца курыць у салоне аўтамабіля, — працягвае Віталь Навіцкі. — Па-першае, пажар могуць справакаваць пары ад паліва. Па-другое, здараліся выпадкі, калі запаленая цыгарэта кудысьці завальвалася, і дастаць яе аператыўна не паспявалі. Тут жа пачыналі тлець і загарацца сядзенні і дыванок. Яшчэ адна памылка — захоўванне ў багажніку каністраў з запасам бензіну, саляркі і масла.

Галоўным памочнікам у тушэнні агню з'яўляецца вогнетушыцель. Гэта вельмі эфектыўны сродак для ліквідацыі пажару ў аўтамабілі на пачатковай стадыі. Прычым дзейнічаць трэба надзвычай аператыўна. Важна памятаць, што ад моманту ўзнікнення кароткага замыкання да сітуацыі, калі з агнём кіроўца нічога зрабіць ужо не можа, звычайна праходзіць 5—6 хвілін.

— У продажы ёсць два тыпы вогнетушыцеляў: парашковы і вуглекіслотны, — расказвае Віталь Навіцкі. — Які з іх найлепшы — сказаць цяжка. І той, і другі прыкладна аднолькавыя датычна выкарыстоўвання. Адзінае «але», пра якое трэба памятаць: вуглекіслотны вогнетушыцель выкідвае з раструба газавую сумесь, тэмпература якой каля мінус 50 градусаў. Таму з ім трэба быць даволі асцярожным. Лічыцца, што парашок патушыць агонь крыху хутчэй, але вуглекіслотны апарат больш ашчадны да аб'екта ўзгарання. Таксама важнае пытанне — якім павінен быць аб'ём вогнетушыцеля? Малым літровым апаратам можна патушыць хіба што палаючую попельніцу. Таму ён з'яўляецца проста фармальнасцю для праходжання тэхнічнага агляду. Але ж яго задача зусім не ў гэтым — а каб за 6 хвілін узяць сітуацыю пад кантроль. А вось узброіўшыся вогнетушыцелем аб'ёмам у 2 літры, уважлівы кіроўца справіцца з узгараннем на пачатковай стадыі. Менавіта таму ён лічыцца самым аптымальным.

Пазбегнуць памылкі

У большасці выпадкаў дымком пачынае цягнуць з-пад капота. А вось тут і ўзнікае вельмі важная праблема. Поўнасцю адчыняць яго нельга: тут жа ў аўтамабіль пранікне кісларод, які распаліць агонь яшчэ мацней. Да таго ж у сучасных машынах капот адчыняецца кнопкай, якая знаходзіцца на прыборнай панэлі. А вось адкрыцца ён можа на любую вышыню! Пра гэтую асаблівасць трэба падумаць загадзя і пры магчымасці адрэгуляваць пад'ём крышкі капота на сэрвісным цэнтры.

Да таго ж металічныя часткі аўтамабіля імкліва награваюцца. Таму вазіце з сабой тканевыя несінтэтычныя пальчаткі. Канешне, ідэальнай абаронай іх назваць нельга, але на некалькі секунд, каб прыўзняць крышку капота і засунуць туды раструб вогнетушыцеля, іх хопіць.

— Тыповая памылка падчас тушэння аўтамабіля — выдаць пад капот за раз усё змесціва балона, — кажа Віталь Навіцкі. — А калі дробны ачаг прыхаваўся недзе ў глыбінях агрэгатаў? Наўрад ці вы возіце з сабой некалькі балонаў. Таму першы этап работы вогнетушыцеля не павінен перавышаць у ідэале 5—6 секунд. Пасля гэтага паглядзіце: ідзе дымок з-пад капота ці не? Калі ніякіх прыкмет агню няма, капот можна вельмі павольна асцярожна прыадкрыць. І быць гатовым да таго, што зноў давядзецца ўжыць вогнетушыцель. Акрамя таго, абавязкова паведаміце аб узгаранні па нумары 101.

А калі за першыя хвіліны не ўдалося патушыць агонь, то апошняе, што застаецца, — адбегчы на максімальна бяспечную адлегласць, каб не пацярпець ад дэтанацыі паліва. Асабліва гэта датычыцца аўтамабіляў з газавым абсталяваннем.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Полымя пад капотам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.