Вы тут

Як захоўваецца гістарычная спадчына Аршаншчыны


Наш чытач у сваім звароце пацікавіўся тэмай захавання гістарычнай спадчыны Аршаншчыны. Яго турбуе разбурэнне помнікаў мінулага ў аграгарадку Смальяны. У сваім лісце ён расказаў пра руіны замка «Белы Ковель», рэшткі касцёла і царквы, дадаў і пра магілу сябра Адама Міцкевіча Тамаша Зана.

Карэспандэнты «МС» адправіліся ў населены пункт, каб на месцы высветліць сітуацыю.


Спадчына ў руінах

Яшчэ да пачатку камандзіроўкі быў атрыманы пісьмовы адказ з упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, у якім паведамлялася, што ў аграгарадку (з насельніцтвам каля тысячы чалавек. — Аўт.) ёсць чатыры аб'екты, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

«Тры з іх знаходзяцца ў нездавальняючым зруйнаваным стане: руіны замка «Белы Ковель» (першая траціна XVІІ стагоддзя), рэшткі былога дамініканскага касцёла (другая палова XVІІІ стагоддзя), Аляксееўская царква (1864 год)», — канстатуецца за подпісам начальніка ўпраўлення культуры Пятра Падгурскага.

У афіцыйным лісце таксама адзначана, што ўласнік аб'ектаў — Смальянскі сельскі выканаўчы камітэт. Яго старшыня Анатоль Крысікаў у сваю чаргу адзначае, што выканкам — уласнік умоўны.

— Проста аб'екты гістарычнай спадчыны, яны такімі афіцыйна прызнаныя, знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, — кажа ён.

Паводле яго слоў, сёлета ён напісаў ліст у Міністэрства культуры, але ў ведамстве спаслаліся на тое, што мясцовая ўлада сама павінна прымаць нейкія меры па захаванні аб'ектаў.

Старшыня пракаментаваў і словы чытача «МС» наконт таго, што па руінах замка лазяць дзеці. Мясцовыя жыхары і турысты ядуць там, выпіваюць, выдрапваюць розныя надпісы на старажытных сценах і пакідаюць кучы смецця. Ён адзначыў, што сельскі выканкам пастаянна кантралюе, каб было чыста. Перыядычна наводзяць парадак людзі, якіх для гэтага наймаюць.

Вакол храмаў не раз нацягвалі стужкі, каб за іх не заходзілі, але марна. На ўстанаўленне агароджы ў выканкама няма грошай. І канешне, няма фінансавых сродкаў, каб правесці работы па кансервацыі.

Разам з Анатолем Крысікавым едзем паглядзець на тое, што засталося.

На сённяшні дзень у аграгарадку можна наведаць толькі адзін храм.

Былая веліч

Высветлілася, што да замка, нават руіны якога даюць уяўленне пра тое, якім прыгожым ён быў, дабрацца праблематычна. Ён акружаны забалочаным ровам. А па мастку, які, паводле слоў нашага гіда, быў адноўлены гадоў дзесяць таму, без гумавых ботаў не пройдзеш. Бадай, толькі калі спякотна і ўзровень вады становіцца мінімальны. А можа, гэта і добра для збудавання, якое, па адной з версій, зруйнавалі падчас вайны 1812 года. Часткова захавалася галоўная пяціярусная вежа з часткай прылеглай да яе сцяны. Ёсць і рэшткі падмурка па ўсім перыметры замка, падвалы.

Каля праваслаўнага храма ляжыць цэгла, якая абвальваецца з муроў. Унутры не так ужо і шмат смецця. Праўда, кінуліся ў вочы пустыя пластыкавыя бутэлькі. Па словах старшыні сельвыканкама, на ўсёй тэрыторыі сельсавета каля дваццаці населеных пунктаў. Каб паспець усюды адразу навесці ідэальны парадак і пастаянна падтрымліваць яго, не хапае людзей. З другога боку, не паставіш жа каля кожнага аб'екта гістарычнай спадчыны па міліцыянеру з сабакам? На жаль, ёсць такія грамадзяне, якім усё роўна, дзе выпіць.

Падчас агляду царквы ўразілі дэкаратыўныя металічныя элементы над яе ўваходам. Побач з храмам — капліца. Там, унізе, ёсць нішы для пахаванняў. Каб ніхто не турбаваў спакой памерлых, спуск надзейна прыкрылі плітой.

Што датычыцца рэшткаў каталіцкага храма, нас з калегам здзівіла параўнальна добрая іх захаванасць. І там як могуць падтрымліваюць парадак.

Наступным месцам нашага наведвання стала магіла сябра Міцкевіча Тамаша Зана. Побач пахаваны яго жонка і сын, помнікі на магілах якіх таксама знаходзяцца ў добрым стане. На жаль, не атрымалася прачытаць надпіс на вялікім валуне, які знаходзіцца побач з крыжамі: з часам літары амаль што «сцерліся».

Руіны замка «Белы Ковель» (першая траціна XVІІ стагоддзя).

Ёсць чым здзівіць і што паказаць

Паводле інфармацыі ўпраўлення культуры аблвыканкама, з боку рэлігійных арганізацый і абшчын інтарэсу да былых культавых аб'ектаў няма. Хочацца верыць, што ён некалі ўзнікне.

На сённяшні дзень у аграгарадку можна наведаць толькі адзін храм. Дзіўна, але факт: у аўторак раніцай, калі мы зайшлі, ён быў адчынены!

Прыхаджанка Людміла Корнева, якая сочыць за чысцінёй у царкве, ахвотна расказала гісторыю храма. У 1792 годзе тут пабудавалі драўляную Спаса-Праабражэнскую царкву. Яна адзначае, што тут службы вялі нават падчас актывізацыі барацьбы з рэлігіяй. Пры гэтым, як высветлілі мясцовыя краязнаўцы, у канцы 1930-х гадоў царква была закрыта. У яе будынку доўгі час размяшчаўся вінзавод.

Сёння храм дзейнічае і будынак з'яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння.

Жанчына расказала нам гісторыі пра ўкрадзеную ікону, якую, дзякуючы беларускім мытнікам, удалося вярнуць, пра іконы, якія «плакалі», людзей, якім малітвы дапамаглі вярнуць здароўе. Тут таксама можна ўбачыць выявы дванаццаці апосталаў у поўны рост, зробленыя ў ХVІІІ стагоддзі на купале.

На нашу думку, у аграгарадку столькі цікавага!

Між іншым, па словах старшыні сельвыканкама, ніхто пакуль што на тэрыторыі сельсавета не займаецца аграрным турызмам. А шкада, бо гасцям насамрэч ёсць што паказаць.

Рэшткі Аляксееўскай царквы (1864 год).

Вывучаюць і шануюць

У мясцовай сярэдняй школе юныя вяскоўцы з інтарэсам вывучаюць гісторыю роднага краю. Збіраюць экспанаты мінулага, якія можна ўбачыць у музеі.

Віктар Мяжэвіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Спадчына», бадай, лепш за ўсіх ведае гісторыю Смальян, храмаў і замка.

— Мястэчка Смальяны заснавана ў 1484 годзе. У 1626 годзе князь Сямён Самуіл Андрэевіч Сангушка-Ковельскі завяршыў узвядзенне тут мураванага замка.

Безумоўна, дата крыху прыблізная, але ў княжацкай закладной, пазначанай гэтым годам, запісана: «...маёнтка майго Смалянаў замка Белага Ковеля, што ляжыць у павеце Аршанскім», — расказаў настаўнік.

Дарэчы, ён успомніў цікавы факт пра замак. У 1847 годзе Смальяны перайшлі ў валоданне да тайнага саветніка сенатара Аляксея Сямёнава.
У № 34 «Магілёўскіх губернскіх ведамасцяў» за 1902 год невядомы аўтар паведамляў, што ў 1860 годзе гэты Сямёнаў «...прадаваў сцены замка на злом... не ацалела б і вежа, калі б Смаляны не перайшлі да Цітова. Новы гаспадар не толькі не дазволіў бурыць вежу, але нават паспрабаваў умацаваць яе контрфорсамі».

Наш экскурсавод расказаў, што Смальяны малявалі знакамітыя Юзаф Пешка і Напалеон Орда.

Яшчэ цікавыя факты пра населены пункт: у 1879 годзе ўладальнік мястэчка на ўласныя сродкі адкрыў пачатковае земскае народнае вучылішча на 40 чалавек і прыёмны пакой для хворых з бясплатнай выдачай лякарства. Пры пакоі працаваў фельчар.

У пачатку ХХ стагоддзя ў Смальянах было 265 двароў, 6365 жыхароў.

Рэшткі былога дамініканскага касцёла (другая палова XVІІІ стагоддзя).

Для захавання гісторыі

Паводле інфармацыі Аршанскага райвыканкама, прыняты план сумесных дзеянняў з сельскім выканкамам па ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў спадчыны.

Сярод іншага ў рабоце пытанне аднаўлення моста да руін замка.

Акрамя гэтага, пры распрацоўцы праекта бюджэту на будучы год будзе разгледжана магчымасць вылучэння неабходных сродкаў на кансервацыю і добраўпарадкаванне руін замка «Белы Ковель», рэшткаў былога дамініканскага касцёла і Аляксееўскай царквы.

Зразумела, што лішніх грошай у бюджэце няма. Але, як вядома, Год малой радзімы падоўжаны яшчэ на два гады. Пры жаданні можна нешта зрабіць. Напрыклад, правесці суботнік, прапанаваўшы папрацаваць тут усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Ці трэба агароджваць рэшткі архітэктурнай спадчыны, як гэта прапанаваў наш чытач? Напэўна, пытанне спрэчнае. Калі некультурным людзям захочацца выпіць у былых храмах, каля замка, ці спыніць іх агароджа? А выхаваны чалавек з цікавасцю зойдзе ўнутр, каб паглядзець, вернікі — памаліцца. Вядома, калі храм асвячоны, ён існуе, нават калі сцен няма.

Калі ўжо ставіць агароджу, то трэба рабіць гэта, лічу, перад тым як распачаць кансервацыю, а можа, і аднаўленне.

Аршаншчына цяпер у цэнтры ўвагі. І шчыра хочацца верыць, што ў імкненні зрабіць сучаснае лепшым: мадэрнізаваць абсталяванне прадпрыемстваў, палепшыць медыцынскую, сацыяльную, фізкультурна-аздараўленчую інфраструктуры і іншае, не забудуцца і пра багатае мінулае.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Віктара МІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Ці будзе ў мінулага... будучыня?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.